Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу на Web Summit 2023 у Лісабоне расказала пра самаарганізацыю людзей у 2020 годзе, ролю IT-сэктару, сытуацыю з палітвязьнямі цяпер, а таксама пра адносіны Пуціна і Лукашэнкі.
Ціханоўская заклікала сьвет да пасьлядоўнасьці і рашучасьці ў абароне дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў. Яна заклікала даць усю неабходную падтрымку Ўкраіне, каб тая перамагла ў вайне, расказала, што гэта будзе і перамога Беларусі, казала, што нельга дапусьціць, каб Беларусь стала «суцяшальным прызам для Расеі».
На саміце, дзе прысутнічалі каля 500 прадстаўнікоў стартапаў і бізнэсаў зь Беларусі і ўсяго сьвету, Сьвятлана Ціханоўская выступіла на запрашэньне прэм’ер-міністра Партугаліі.
16 лістапада Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністаркай абароны Партугаліі Хэленай Карэйрас.
Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская расказала пра сытуацыю са знаходжаньнем расейскіх войскаў і ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі, заклікала Партугалію заняць моцную пазыцыю ў абарону беларускай незалежнасьці. Бакі абмеркавалі дапамогу беларускім добраахвотнікам у межах агульнай дапамогі Ўкраіне, а таксама магчымасьць рэгулярна абменьвацца інфармацыяй у сфэры бясьпекі.
15 лістапада Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Партугаліі Антонію Коштам. Яна гаварыла пра будучыню Беларусі, дапамогу беларусам і праблему палітвязьняў.
Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі легалізацыю беларусаў у Партугаліі — магчымасьць прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты і выдаваць пашпарты замежніка.
Ціханоўская і Кошта гаварылі пра сытуацыю зь беларускімі палітзьняволенымі і «партызанскую» актыўнасьць унутры краіны.
Антонію Кошта запэўніў, што Партугалія будзе і надалей падтрымліваць беларусаў.