У Расеі прынялі праект бюджэту на 2024 год: ён прадугледжвае рэкордныя ў сучаснай гісторыі РФ ваенныя выдаткі

Дзярждума Расеі 15 лістапада прыняла ў другім, асноўным, чытаньні праект фэдэральнага бюджэту на 2024 год, а таксама на плянавы пэрыяд 2025–2026 гадоў.

Бюджэт прадугледжвае рэкордныя ў сучаснай гісторыі Расеі ваенныя выдаткі. Таксама, нават у параўнаньні зь бюджэтамі папярэдніх гадоў, вялікая закрытая частка бюджэту — паводле разьлікаў РБК, яна складзе каля 27% ад усіх прадугледжаных бюджэтам выдаткаў.

Даходы фэдэральнага бюджэту Расеі ў 2024 годзе заплянаваныя ў аб’ёме 35 трыльёнаў расейскіх рублёў, выдаткі — на ўзроўні 36,6 трыльёна. Дэфіцыт, такім чынам, складзе каля 0,9% ВУП.

На артыкул «нацыянальная абарона» прапануецца выдзеліць каля 10,8 трыльёна расейскіх рублёў. У рамках гэтага артыкула фінансуецца ня толькі войска, але і ваенная прамысловасьць, а таксама сацыяльныя выплаты ўдзельнікам баявых дзеяньняў. У бюджэце на 2023 год ваенныя выдаткі былі закладзеныя толькі ў суме 6,4 трыльёна расейскіх рублёў, гэта значыць, гаворка ідзе аб павелічэньні больш як у паўтара раза. Агулам ваенныя выдаткі складуць каля 6% ВУП — гэта адно зь першых месцаў у сьвеце.

Таксама ў бюджэце знайшліся грошы на індэксацыю акладаў вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, крымінальна-выканаўчай сыстэмы.

Аналітыкі Bloomberg раней сьцьвярджалі, што аўтары праекту бюджэту разьлічваюць на аптымістычны сцэнар разьвіцьця падзей у расейскай эканоміцы: нягледзячы на санкцыі і ваенныя выдаткі, Мінфін РФ прагназуе даходы бюджэту наступнага году на 22% вышэйшыя, чым у 2023-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходняя выведка: Расея рыхтуецца да «шматгадовай вайны», яе вайсковы бюджэт мае вырасьці на 68%