«Вядомыя папярэднія дадзеныя працы эканомікі за 10 месяцаў, — цытуе Чарвякова прэсавая служба ўраду. — Мы выйшлі на плянавую задачу па годзе на 3,8%, то бок мы з апярэджаньнем дасягнулі ўзроўню ВУП, які перад намі ставіўся».
Паводле міністра, гэта было зроблена за кошт «мабілізацыі рэзэрваў, якія былі ў сэктарах эканомікі», паведамляе «Позірк». Таксама Чарвякоў сьцьвярджае, што Беларусь «цалкам кампэнсавала страты на зьнешніх рынках» і што «ў цэлым эканоміка разьвіваецца стабільна і ўстойліва».
Раней у інтэрвію Свабодзе старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc, эканамістка Анастасія Лузгіна тлумачыла, што хоць улады сёлета, магчыма, і дасягнуць прагнозных паказьнікаў па росьце ВУП, «трэба разумець, што гэта проста аднаўленчы рост, бо ў 2022-м эканоміка ўпала на 4,7%, так што нават гэты цяперашні рост ня верне Беларусь на ўзровень канца 2021 году; і паколькі ў нас праводзіцца эканамічная палітыка стымуляваньня росту, то гэта ў выніку пры пэўных абставінах можа прывесьці да росту інфляцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер-міністар Беларусі на нарадзе ў Лукашэнкі пагадзіўся на адстаўку, калі ня будзе заплянаванага росту эканомікі
- 28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі рост ВУП быў заплянаваны на ўзроўні 3,8%.
- Спэцыялісты Міжнароднага валютнага фонду ў кастрычніцкім аглядзе прагназавалі рост ВУП Беларусі на ўзроўні 1,6% па выніках 2023 году (красавіцкі прагноз быў больш пэсымістычны — 0,7% па выніках году).
- Сусьветны банк у кастрычніцкім аглядзе павысіў прагноз росту беларускай эканомікі ў 2023 годзе ў пяць разоў: экспэрты банку ацанілі рост беларускага ВУП у 3% па выніках 2023 году. Увесну яны прагназавалі прырост толькі ў 0,6%.
- Экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця ў чэрвені прагназавалі рост беларускага ВУП на 2,2% па выніках 2023 году (прагноз, апублікаваны ў канцы лістапада 2022 году, быў значна больш пэсымістычны — 0,3% па выніках 2023 году).