Заява, апублікаваная ў тэлеграм-канале палітыка, стала рэакцыяй на прэзэнтацыю Міністэрствам адукацыі і Генэральнай пракуратурай школьных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
На думку Ціханоўскай, «генацыд беларускага народу не застаўся ў 1940-х гадах — ён адбываецца ў Беларусі проста зараз», калі палітвязьняў у месцах несвабоды «пазбаўляюць дапамогі, мэдыкамэнтаў і рэчаў першай неабходнасьці, выракаючы на павольную сьмерць».
Генацыд, лічыць яна, адбываецца ў аддзелах міліцыі, дзе зь людзей «сілай выбіваюць паказаньні і прымушаюць запісваць „пакаянныя“ відэа», у школах і ўнівэрсытэтах, дзе «людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалёгіяй» і тым самым «ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсьці супраць сыстэмы».
З дапамогай падручнікаў, «напісаных пад дыктоўку прапагандыстаў і сілавікоў», цяперашні рэжым, не данясе да дзяцей праўду, перакананая Ціханоўская: «Не раскажа пра тое, як дзесяцігодзьдзямі ліквідуе апанэнтаў Лукашэнкі, як тысячамі саджае беларусаў за краты, каб выкараніць іншадумства».
«Там не раскажуць пра тое, як рэжым некалькі разоў перапісваў нашу гісторыю, забараняў любыя згадкі пра нашых герояў і ўносіў у сьпісы „экстрэмісцкіх матэрыялаў“ найлепшыя творы беларускіх аўтараў», — дадала яна.
Палітык перакананая, што Лукашэнка гадамі «прадаваў уласных грамадзян і сваю краіну дзеля захаваньня ўлады».
«Нягледзячы на гады прапаганды, мы, беларусы, ведаем праўду. Ведаем сваю гісторыю і памятаем сваіх герояў. І нашая задача зараз — ня даць прапагандзе трапіць у галовы нашых дзяцей».
Як піша «Позірк», дапаможнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х клясаў устаноў устаноў сярэдняй адукацыі былі распрацаваныя ў 2023 годзе. Прэзэнтацыя адбылася 14 лістапада ў Менску.
Пры гэтым адпаведныя зьмены ў навучаньні школьнікаў адбыліся ў 2022 годзе. Сярод іншага ў адукацыйным працэсе пачалі выкарыстоўвацца прадстаўленыя Генпракуратурай матэрыялы крымінальнага расьсьледаваньня аб «генацыдзе беларускага народу».
У праграму прадмета «Чалавек і сьвет. Мая Радзіма — Беларусь» для 4-й клясы (навучаюцца дзеці ва ўзросьце 10 гадоў) дадалі тэму «Трагедыя беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны».
Тэму «генацыду беларускага народу» ўлады пачалі актыўна прасоўваць тры гады таму, за ягонае публічнае адмаўленьне ўвялі крымінальную адказнасьць. Пры гэтым рэжым увесь час праводзіць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.