У Ізраілі 39-ы дзень працягваецца вайна. У выніку яе ў Ізраілі з 7 кастрычніка загінулі 1200 чалавек, 240 чалавек знаходзяцца ў закладніках у баевікоў ХАМАСу. Паводле падкантрольнага ХАМАСу Міністэрства аховы здароўя Газы, з палестынскага боку загінулі больш за 11 000 чалавек, яшчэ каля 2700 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.
Міністар абароны Ізраілю Ёаў Галант 14 лістапада заявіў, што баявая групоўка ХАМАС больш не кантралюе сэктар Газа, піша «Настоящее время».
«ХАМАС страціў кантроль над Газай. Тэрарысты ўцякаюць у напрамку поўдня сэктару Газа. Мірнае насельніцтва разрабоўвае базы ХАМАСу. Яны больш ня вераць уладам», — сказаў Галант у звароце, які паказалі асноўныя тэлекампаніі Ізраілю.
Паводле яго, на дадзены момант ЦАХАЛ засяродзіў баявыя дзеяньні сухапутных войскаў на поўначы сэктару Газа.
Як паведамляе газэта Haaretz, Галант таксама заявіў, што «ў апошнія дні [Ізраіль] пачаў праводзіць больш актыўныя апэрацыі супраць тунэляў [ХАМАСу]». Паводле міністра, ізраільскія вайскоўцы «выкураць тэрарыстаў з тунэляў, і пасьля гэтага яны або будуць зьнішчаныя, або павінны здацца безь якіх-небудзь папярэдніх умоваў». «Трэцяга варыянту ня будзе», — падсумаваў Галант.
Тым часам працягваюцца баі вакол лякарні Аль-Шыфа ў Газе. Дарадца прэм’ер-міністра Ізраілю Марк Рэгеў заявіў, што ў бядотным становішчы людзей у лякарні Аль-Шыфа вінаватыя баевікі ХАМАСу, якія ператварылі раён лякарні ў зону баявых дзеяньняў, і запэўніў, што ізраільскае войска ня бʼе наўмысна па лякарнях.
ХАМАС адмаўляе, што ў бальніцы ці пад ёй ёсьць ваенныя цэлі. Падкантрольнае ХАМАСу Міністэрства аховы здароўя сэктару Газа раней заяўляла, што за апошнія тры дні ў Аль-Шыфе з прычыны адсутнасьці электрычнасьці памерлі 32 пацыенты, у тым ліку тры неданошаныя дзіцяці. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала сытуацыю ў бальніцы жахлівай і небясьпечнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36-ы дзень вайны ў Ізраілі: Баі каля бальніцы Аль-Шыфа; Армія абароны Ізраілю заявіла пра ўзяцьце пад кантроль 11 пастоў ХАМАС