Сёлета ў Беларусі вырасла колькасьць стратных арганізацый, іх ужо амаль 13%

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць стратных арганізацый у Беларусі па выніках трох кварталаў 2023 году вырасла да 795, або 12,8% ад агульнай колькасьці арганізацый, сьведчаць сьвежыя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

Для параўнаньня: за студзень-верасень 2022 году такіх арганізацый налічылі 745 (12% ад агульнай колькасьці), то бок у студзені-верасьні 2023 году іх колькасьць вырасла на 6,7% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Рэнтабэльнасьць рэалізаванай за студзень-верасень 2023 году прадукцыі, тавараў, работ, паслуг склала 9% (за студзень-верасень 2022-га яна была вышэйшая на 2,1% і складала 11,1%), рэнтабэльнасьць продажаў — 7,4% (8,8% за аналягічны пэрыяд летась).

Агульны прыбытак арганізацый за тры кварталы 2023 году перавысіў 20,7 мільярда рублёў, за аналягічны пэрыяд летась — на 2 мільярды больш (22,7 мільярда). Чысты прыбытак арганізацый сёлета склаў 13,1 мільярда, і гэта на 7,3% менш, чым годам раней.

Дынамічна павялічваецца і крэдыторская запазычанасьць арганізацый: на 1 кастрычніка яна склала 78,7 мільярда рублёў, зь яе 9,9 мільярда — гэта пратэрмінаваная запазычанасьць. Агульная сума месяц таму была роўная 67,1 мільярда рублёў, гэта значыць, яна вырасла на 11,6 мільярда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты за год — 40 мільёнаў. Што адбываецца з прадпрыемствамі, якім дзяржава дае субсыдыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак — $383, мільённыя пазыкі і мінусавая рэнтабэльнасьць. Як жывуць рэгіёны з самымі нізкімі заробкамі