Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі завёў крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК РБ) у дачыненьні да аднаго з найбуйнейшых інтэрнэт-агрэгатараў у сфэры пасажырскіх перавозак, які аб’яднаў на сваёй плятформе больш за 300 перавозчыкаў, паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».
У якасьці падазраваных і абвінавачаных па справе прыцягнулі больш за 20 чалавек, заявіў намесьнік начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.
Ён сьцьвярджае, што ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсу (назвы якога ён не агучыў) за доступ да кліенцкіх базаў і загрузкі пасажырамі нібыта прасілі перавозчыкаў «рэгулярна дзяліцца зь імі» няўлічанымі наяўнымі грашыма, а перавозчыкі, «каб выканаць гэтую ўмову, хавалі абʼёмы ўласнай выручкі: не выдавалі пасажырам квіткі, выконвалі няўлічаныя рэйсы».
Паводле Бычака, перавозчыкаў, якія хацелі працаваць незалежна ад уладальнікаў інтэрнэт-агрэгатара, нібыта шантажавалі і пагражалі ім.
Цяпер фігуранты справы даюць паказаньні і «прымаюць меры да пакрыцьця нанесенай дзяржаве шкоды», дадаў прадстаўнік КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі анансаваў рэформу ў таксі: дыспэтчараў прымусяць знаходзіцца ў Беларусі і перадаваць інфармацыю сілавікам14 лістапада ўрад Беларусі падрыхтаваў праект указу, які рэгулюе адносіны ў сфэры аўтамабільных перавозак пасажыраў. Згодна зь ім заплянавана стварыць дзяржаўны рэестар перавозак пасажыраў — перавозчыкаў і дыспэтчараў змусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах, а саміх дыспэтчараў прымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.