За студзень–кастрычнік 2023 году фізычныя асобы здалі ў банкі 1,651 млрд даляраў ЗША ў эквіваленце наяўнай валюты. Гэта значыць, што па выніках 10 месяцаў валавы продаж валюты перавысіў валавую куплю роўна на такую велічыню, піша рэсурс Banki24.
Найбольшую актыўнасьць у якасьці прадаўцоў фізычныя асобы разьвілі ў красавіку і траўні, калі чысты продаж наяўнай валюты склаў 217 млн даляраў і 283,8 млн даляраў адпаведна. Але і ў кастрычніку беларусы актыўна здавалі валюту ў абменьнікі, рэалізаваўшы за месяц 122,7 млн даляраў.
Нэта-продаж валюты гатоўкай фізычнымі асобамі ў 2023 годзе нашмат вышэйшы, чым у многія папярэднія гады. Напрыклад, за 10 месяцаў 2021 году грамадзяне рэалізавалі на чыстай аснове 1,195 млрд даляраў у эквіваленце. За такі ж пэрыяд у 2022-м — 1,306 млрд.
У апошні раз фізычныя асобы прадавалі валютную гатоўку больш актыўна ажно ў 2017 годзе — на 2,106 млрд за 10 месяцаў.
Прычына незапатрабаванасьці валюты, як мяркуе рэсурс, заключаецца ў рэзкім скарачэньні дзелавых і турыстычных паездак у краіны Эўразьвязу і ЗША. Пасьля пандэміі і ўвядзеньня санкцый супраць «Белавія» і расейскай авіяцыі, а таксама закрыцьця некаторых памежных пераходаў беларусам прасьцей траціць грошы ў межах Беларусі і краін ЭАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты BEROC зрабілі ня вельмі добры прагноз пра курс рубля ў 2024 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку 2023 году курс даляра ў Беларусі вырас амаль на 17%