У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі мінімум 35 мэдыкаў. Пятнаццаць зь іх цяпер у зьняволеньні. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў: па стане на 11 лістапада ў краіне бракуе 4825 лекараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: То 5 тысяч, то 16. Як сілавікі падлічваюць арыштаваных «экстрэмістаў»Акрамя таго, Міністэрства аховы здароўя Беларусі адклікае ліцэнзіі ў мэдычных цэнтраў. «Вясьне» вядома як мінімум пра 9 падобных выпадкаў. Аднак большасьць клінік, чыя праца была прыпыненая, з цягам часу аднавілі яе.
У якасьці прыкладу перасьледу мэдыкаў «Вясна» прыводзіць выпадак зь лекарамі з гарадзкога шпіталя Наваполацку, куды ў красавіку 2023 году з калёніі быў дастаўлены асуджаны на 14 гадоў кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Тады на яго целе былі выяўлены сьляды пабіцьця. Сілавікі затрымалі пяцярых лекараў, абвінаваціўшы іх у перадачы інфармацыі пра стан палітыка. Чатырох адправілі ў турму, а пятую аштрафавалі на 3700 рублёў.
Паводле «Вясны», па стане на 13 лістапада палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1455 чалавек. Большасьць зь іх трапілі пад крымінальны перасьлед пасьля прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі ў 2020 годзе, калі ў выніку фальсыфікацый уладу ў краіне захапіў Аляксандар Лукашэнка, а яго апанэнты былі вымушаныя эміграваць або атрымалі рэальныя тэрміны.