Галоўнае сьледчае упраўленьне Сьледчага камітэту ў парадку спэцыяльнага вядзеньня скончыла папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў арганізацыі ByPol са структурнымі падразьдзяленьнямі «Сытуацыйна-аналітычны цэнтар» і «Мабілізацыйны плян „Перамога“».
Усяго ў справе праходзяць 6 чалавек, гэта дзейныя або былыя супрацоўнікі ByPol: Аляксандар Азараў, Мацьвей Купрэйчык, Ігар Лобан, Уладзімер Жыгар, Алег Талерчык і Андрэй Астаповіч.
Абвінавачаным інкрымінавана 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведамляюць праваабаронцы.
Сярод іх:
- здрада дзяржаве; арганізацыя (кіраўніцтва) акту тэрарызму;
- арганізацыя (кіраўніцтва) наўмыснага прывядзеньня ў непрыдатнасьць шляхоў зносін;
- іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
- стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем, у тым ліку паўторна;
- садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
- незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных даных;
- распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці;
- паклёп на прэзыдэнта.
Як піша «Люстэрка», Аляксандру Азараву, які ў 2020 годзе падтрымаў пратэст і, пакінуўшы Беларусь, стаў адным з кіраўнікоў ініцыятывы ByPol, можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне.
Астатнім абвінавачаным, мяркуючы па выстаўленых абвінавачаньнях, пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
ByPol — ініцыятыва, створаная ў 2020 годзе былымі сілавікамі, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.
Адзначаецца, што крымінальную справу перадалі Генэральнаму пракурору для накіраваньня ў суд.
Каго ўжо судзілі завочна?
Сьвятлану Ціханоўскую разам з іншымі сябрамі першага складу Каардынацыйнай рады раней судзілі завочна і 6 сакавіка 2023 года вынесі прысуд. Ціханоўская атрымала 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, Павел Латушка — 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Марыя Мароз, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі завочна пакараныя на 12 год пазбаўленьня волі.
3 траўня 2023 году адбыўся суд па «справе NEXTA». Рамана Пратасевіча судзілі ў залі, Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка — завочна, яны знаходзіліся за мяжой. Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Сьцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў. Пазьней Пратасевіча памілавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыгар пра міліцыю, канфлікт між BelPol і ByPol і новую рэзыдэнцыю Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: сваякоў палітоляга Карбалевіча асудзілі за «экстрэмізм»; затрыманьні ў Наваградку, Шчучыне, Горадні і ПаставахШто такое ініцыятыва ByPol
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».