Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыі ў розных гарадах Гішпаніі. Яны пратэстуюць супраць плянаў Пэдра Санчэса, выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра, даць амністыю арганізатарам рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі ў 2017 годзе, які гішпанскія ўлады прызналі незаконным.
Урад сацыяліста Санчаса ў чацьвер дамовіўся пра падтрымку ад каталёнскай партыі Junts, якая выступае за незалежнасьць Каталёніі. Амністыя — адзін з пунктаў дамовы. Кансэрватыўныя апанэнты Санчаса абвінавачваюць яго ў здрадзе нацыянальным інтарэсам і ў парушэньні закону для ўласнай палітычнай выгады.
У кастрычніку 2017 году парлямэнт Каталёніі абвясьціў аб незалежнасьці па выніках рэфэрэндуму ў рэгіёне. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне. Шэраг каталёнскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў былі зьняволеныя, некаторыя апынуліся ў эміграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы, каталёнцы, мірныя людзі. Тры дні ў Барсэлёне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як народ безь дзяржавы дбае пра сваю мову. Каталянская навука для беларусаў