Гібель грамадзян па віне дзяржавы — сыстэмная праблема ў Беларусі, якая пачалася да 2020 году і пагоршылася пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
«Расьсьледаваць такія справы складана — рэжым адмаўляе сваё дачыненьне, Сьледчы камітэт адмаўляецца заводзіць крымінальныя справы, зьвесткі аб сьмерцях у месцах пазбаўленьня волі засакрэчаныя. Інфармацыя ў рэдкіх выпадках паступае да праваабаронцаў ад сваякоў ці іншых вязьняў. Рэальна колькасьць сьмерцяў застаецца невядомай», — піша «Прававая ініцыятыва» ў прадмове да агляду.
Супрацоўнікі арганізацыі прааналізавалі 16 сьмерцяў, якія здарыліся падчас і пасьля пратэстаў 2020 году. І зрабілі свае высновы.
«Пасьля пачатку пратэстаў у 2020 годзе выпадкі гібелі людзей ад рук сілавікоў сталі больш частымі. Мікіту Крыўцова знайшлі павешаным у парку. Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава расстралялі падчас мірных акцый у Менску і Берасьці. Быў знойдзены мёртвым сябра камісіі Канстанцін Шышмакоў, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол. Адзін з актывістаў прафсаюзу „Нафтан“ Уладзімер Крысёнак зьдзейсьніў суіцыд пасьля трохдзённай „апрацоўкі“ сілавікамі ў РАУС. 18-гадовы Дзьмітры Стахоўскі выкінуўся з 16 паверху свайго інтэрната — на яго ціснулі сілавікі са Сьледчага камітэту.
Сярод гэтай чарады сьмерцяў шырока вядомым стаў факт забойства Рамана Бандарэнкі, які выйшаў абараняць ад вандалаў свой двор. І забойства ва ўласнай кватэры айцішніка Андрэя Зельцара, які абараняў ад невядомых у цывільным адзеньні свой дом і сям’ю. Да абодвух злачынстваў маюць дачыненьне сілавікі спэцыяльных падразьдзяленьняў МУС і КДБ Рэспублікі Беларусь.
Пасьля 2020 году большасьць сьмерцяў здарылася ў месцах пазбаўленьня волі. Сярод загінуўшых былі: Аляксандар Віхор, Вітольд Ашурак, Дзьмітры Дудойць, Алена Амеліна, Сяргей Шчацінка, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Дзьмітры Сарокін», — паведамляюць аўтары агляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасадзілі нават сьвятара, які яго адпяваў. 2 гады пасьля сьмерці Рамана БандарэнкіСілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі адмаўляюцца заводзіць крымінальныя справы па фактах падазроных сьмерцяў пратэстоўцаў. Адзінае выключэньне — крымінальная справа па факце забойства Рамана Бандарэнкі. Але на гэты момант справа прыпынена.
Па кожным з выпадкаў «Прававая ініцыятыва» зрабіла апісаньне сытуацыі, вядомыя грамадзкасьці і праваабаронцам абставіны здарэньня, афіцыйныя фармулёўкі ў дакумэнтах аб сьмерці і высновы.
У фінальным разьдзеле «Высновы» аўтары справаздачы адзначылі, што «дзяржава не выконвае функцыі па абароне правоў чалавека, якія на яе ўскладзены міжнароднымі абавязацельствамі, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нормамі нацыянальнага права».
«Так, дзяржава не выконвае свае абавязацельствы па забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя сваіх грамадзян, у тым ліку асоб, пазбаўленых волі і якія знаходзяцца ў ізаляцыі. Найвышэйшай ступеньню грэбаваньня правамі чалавека зьяўляецца фактычная адмова ад абароны жыцьця і здароўя сваіх грамадзян, а таксама непасрэднае беспакаранае і беспадстаўнае забойства грамадзян супрацоўнікамі дзяржаўных сілавых структур. Усе вышэйпералічаныя дзеяньні адбываюцца з маўклівай ухвалы кіраўніцтва і вышэйшых службовых асоб рэжыму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся ПушкінаТаксама «Прававая ініцыятыва» адзначыла, што доступ да месцаў пазбаўленьня волі з мэтай грамадзянскага кантролю і маніторынгу ўмоў утрыманьня ў грамадзянскай супольнасьці, праваабарончых арганізацый адсутнічае.
У аглядзе прадстаўлены 8 пазыцый, якія, на думку ініцыятывы, вінаватыя ў тым, што адбываецца. Гэта Аляксандар Лукашэнка, Сьледчы камітэт, МУС, Вярхоўны суд, Генэральная пракуратура, КДБ, Міністэрства абароны і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі» значкі з ахвярамі гвалту сілавікоў — Тарайкоўскім і Шутавым