Пракуратура Масквы праводзіць праверку выказваньняў журналіста Юрыя Дудзя ў яго нядаўнім інтэрвію з расейскай сьпявачкай Вікторыяй Цыгановай і яе мужам Вадзімам.
Прычынай стала заява расейскага актывіста Віталія Барадзіна, паведамляе ТАСС. Ён палічыў, што Дудзь у інтэрвію ў «цынічнай і зьневажальнай форме выказваў сваё меркаваньне аб дзеяньнях узброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны, называючы іх вайной, а таксама непасрэдна аб прэзыдэнце РФ і прадстаўніках дзяржаўных структур». Барадзін лічыць, што ёсьць падставы прыцягнуць Дудзя да крымінальнай адказнасьці па артыкуле аб «дыскрэдытацыі».
- Віталь Барадзін – пракрамлёўскі актывіст, ён неаднаразова пісаў даносы на расейскіх дзеячаў культуры, якія асудзілі вайну. Сярод іх – Лія Ахеджакава, Ала Пугачова, Валерый Меладзэ, Дыяна Арбеніна, Сямён Сьлепакоў.
- Падчас інтэрвію сямейная пара Цыгановых распавяла аб стаўленьні да «спэцапэрацыі», рэлігіі, а таксама да некаторых расейскіх славутасьцяў. Пры гэтым пасьля яго публікацыі, якая атрымала шырокі розгалас, сьпявачка Віка Цыганова заявіла, што яны з мужам ні ў чым ня ўдзельнічалі – нібыта ўсё згенэравала нэйрасетка.
- Юры Дудзь – расейскі журналіст і папулярны відэаблогер, аўтар папулярнага ў Расеі ютуб-канала «вДудь» з аўдыторыяй больш за 10 мільёнаў чалавек. Для свайго канала Дудзь бярэ інтэрвію ў папулярных асоб і выпускае дакумэнтальныя фільмы. Летась ён зьняў фільм пра беларусаў, якія праз рэпрэсіўны рэжым вымушаныя былі пакінуць сваю краіну.
- Летась у лютым Дудзь публічна асудзіў напад Расеі на Ўкраіну і зьехаў за мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Расеі абвясьціла Юрыя Дудзя і Кацярыну Шульман «замежнымі агентамі»