Рэктар Акадэміі кіраваньня назваў абавязковыя якасьці дзяржаўнага службоўца ў Беларусі

Акадэмія кіраваньня

Прафэсіяналізм — не на першым месцы.

Каб працаваць на дзяржаўнай службе, чалавек павінен быць перадусім патрыятычна настроены. Гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Вячаслаў Даніловіч.

У партрэце дзяржаўнага службоўца, паводле Даніловіча, ёсьць непарушныя асновы:

— Калі ты ідзеш на дзяржаўную службу, то перш за ўсё ты павінен быць патрыётам, дзяржаўнікам і, што вельмі важна, прафэсіяналам у той сфэры дзейнасьці, якой ты займаесься.

Дзяржаўныя службоўцы павінны «накіроўваць разьвіцьцё грамадзтва, дзяржаўных структур, органаў і арганізацый з мэтай забесьпячэньня дабрабыту народу» і «умець трымаць руку на пульсе, не спыняцца ў сваім разьвіцьці, а ўвесь час знаходзіцца ў працэсе».

Таксама Вячаслаў Даніловіч нагадаў пра гістарычную памяць:

— Гісторыю свайго народу, дзяржавы неабходна ведаць. Калі будзем забывацца на ўрокі гісторыі, мы будзем непазьбежна паўтараць тыя памылкі, празь якія некалі прайшлі нашы продкі.

Паводле яго, дзеля захаваньня гістарычнай памяці «ў Беларусі робіцца вельмі шмат».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьцейскай крэпасьці пачнуць будаваць «патрыятычны цэнтар». Што гэта будзе