Дата дня
12 лістапада 2020 году ў выніку зьбіцьця ў часе і пасьля затрыманьня на «Плошчы пераменаў», памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю. Сьвятлана Ціханоўская заклікала ў гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасьці, дзяліцца навінамі зь Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязьняў, а таксама палка Каліноўскага.
Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі пройдуць 12 лістапада ў Вільні, Варшаве, Гданьску, Вроцлаве, Кельце, Познані, іншых гарадах.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
Дзень у гісторыі
1918 — Аўстрыя абвясьціла сябе рэспублікай.
1918 — рашэньнем Рэгенцкай Рады Польшчы Юзэф Пілсудскі прызначаны кіраўніком дзяржавы.
1920 — Віленшчына абвешчаная незалежнай дзяржавай пад назовам Сярэдняя Літва, а яе фактычным кіраўніком стаў генэрал Люцыян Жалігоўскі.
1933 — у Нямеччыне на рэфэрэндуме 95% насельніцтва краіны ўхвалілі палітыку Адольфа Гітлера.
1948 — завяршыўся Такійскі працэс над японскімі ваеннымі злачынцамі. Сямёх абвінавачаных засудзілі на сьмяротнае пакараньне праз павешаньне, шаснаццаць чалавек — на пажыцьцёвае зьняволеньне.
1982 — Юрый Андропаў выбраны генэральным сакратаром ЦК КПСС.
У гэты дзень нарадзіліся
1796 — Міхал Рукевіч, вайсковец, удзельнік вызвольнага руху 1820-х, паліткатаржанін.
1823 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф і пісьменьнік.
1885 — Міхайла Грамыка, беларускі пісьменьнік і навуковец.
1911 — Яўген Ціхановіч, беларускі мастак.
1920 — Андрэй Макаёнак, беларускі драматург.
У памяці
1572 — Рыгор Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ.
1623 — Язафат Кунцэвіч, уніяцкі арцыбіскуп, актыўны праваднік Берасьцейскай царкоўнай уніі (забіты).
1996 — Анатоль Майсеня, беларускі журналіст і грамадзкі дзеяч.
2018 — Ігар Лучанок, беларускі кампазытар, піяніст, народны артыст Беларусі.