Ізраільскія вайскоўцы з пачатку наземнай апэрацыі ў сэктары Газа ўзялі пад кантроль 11 перадавых пастоў тэрарыстычнага руху ХАМАС, заявіла 11 лістапада Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ).
Сьцьвярджаецца, што ў выніку ўдараў, нанесеных мінулай ноччу, ізраільскае войска зьнішчыла некалькі аб’ектаў ХАМАС, у тым ліку падземны тунэль, разьмешчаны каля школы, і склад зброі. За мінулы дзень, паводле інфармацыі ЦАХАЛ, быў таксама абясшкоджаны аўтамабіль з выбухоўкай і зьнішчаныя ваенныя мэты ў лягеры для ўцекачоў Аль-Шаці.
У ноч на 11 лістапада палестынскія тэрарысты абстралялі паўднёвыя раёны Ізраілю. У некалькіх гарадах каля мяжы з сэктарам Газа гучалі сыгналы паветранай трывогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна ва Ўкраіне — гэта велізарны правал. Як і вайна ў Ізраілі», — брытанскі аналітык Эдвард ЛукасУвечары 10 лістапада пачаліся баі паміж ізраільскімі вайскоўцамі і ХАМАС у навакольлях найбуйнейшай лякарні Газы — Аль-Шыфа. Газэта The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцу напісала, што ЦАХАЛ загадаў эвакуяваць пацыентаў і пэрсанал, бо, на думку вайскоўцаў, ХАМАС пабудаваў ключавы камандны цэнтар на тэрыторыі лякарні.
Карэспандэнт ВВС Рушдзі Абуалуф раніцай 11 лістапада расказаў, што ізраільскія войскі акружылі бальніцу Аль-Шыфа. Цяпер падача электрычнасьці адноўленая. Паводле дырэктара бальніцы, у мэдыцынскім комплексе застаюцца да 15 000 чалавек. Кантраляванае ХАМАС міністэрства аховы здароўя сэктару Газа сьцьвярджае, што ў бальніцы знаходзяцца каля 2500 пацыентаў, і яшчэ тысячы мірных жыхароў могуць хавацца ў ёй.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя MSF паведаміла, што страціла сувязь з усімі сваімі супрацоўнікамі ў Аль-Шыфе, і выказала занепакоенасьць бясьпекай пацыентаў і мэдыцынскага пэрсаналу. Да таго, як сувязь зьнікла, супрацоўнікі бальніцы паведамлялі аб «катастрафічнай сытуацыі». У арганізацыі зазначаюць, што ў бальніцы дасюль знаходзяцца пацыенты ў крытычным стане і пасьля апэрацыі, якія ня могуць рухацца.
- 10 лістапада зьявіліся паведамленьні аб выбуху ў двары бальніцы Аль-Шыфа. Паводле міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, у выніку яго загінулі 13 чалавек. ХАМАС абвінаваціў ва ўдары Ізраіль.
- Пазьней ізраільскае войска выпусьціла паведамленьне, што выбух на тэрыторыі лякарні Аль-Шыфа адбыўся з прычыны няўдалага нападу ХАМАС. У паведамленьні ў акаўнце Дзяржавы Ізраіль сказана, што, па дадзеных ізраільскіх сыстэм сачэньня, па лякарні патрапіў, выпушчаны з раёнаў Газы па пазыцыях ізраільскіх вайскоўцаў.