Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы 10 лістапада зафіксавала 20 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, памежнікі Латвіі — 15 спробаў, польскія памежнікі спынілі 55 нелегальных мігрантаў.
Агулам з пачатку 2023 году памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін спынілі ўжо 40 045 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 24 434, Латвію — 13 338, Літву — 2273), паведамляе выданьне «Позірк».
Статыстыка, выведзеная «Позіркам» на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць, што напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ вагаецца, але захоўваецца. За 2 зімовыя месяцы было прадухілена 3 959 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, увесну — 11 560 спробаў, улетку — 13 250, з пачатку восені — ужо 11 270 спробаў: у верасьні — 4 449, кастрычніку — 5 474 (месячны рэкорд), ад пачатку лістапада — 1 347.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранты, якія зьбіраліся нелегальна перасекчы мяжу, кідалі ў польскіх памежнікаў бутэлькіМігранцкі крызіс працягваецца з 2021 году
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.