Хроніка перасьледу: сваякоў палітоляга Карбалевіча асудзілі за «экстрэмізм»; затрыманьні ў Наваградку, Шчучыне, Горадні і Паставах

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Асудзілі сваякоў палітоляга Карбалевіча

10 лістапада ў Рэчыцкім судзе разглядалі адміністрацыйныя справы над Алегам і Яўгеніяй Карбалевічамі, братам палітоляга Валера Карбалевіча і ягонай жонкай. Іх абвінавачвалі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкай» прадукцыі (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Судзіла сямейную пару адна і тая ж судзьдзя — Кацуба Марына. Яна пакарала сужэнцаў штрафамі: Алег атрымаў 20 базавых велічыняў штрафу (740 рублёў), а Яўгенія — 15 базавых (555 рублёў), даведаліся праваабронцы «Гомельскай Вясны».

Таксама ў жанчыны канфіскавалі тэлефон, прызнаўшы яго сродкам злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 лістапада: затрымалі брата палітоляга Карбалевіча; зноў адправілі на «содні» бацьку Мікіты Залатарова

У Паставах затрымалі былую палітзьняволеную Ірыну Паляніну

Вядома, што 8 лістапада былую палітзьняволеную Ірыну Паляніну выклікалі ў РАУС у пытаньні падаўжэньня прэвэнтыўнага нагляду, пасьля чаго на волю яна так і ня выйшла. Яе пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да суду, паведамляе «Вясна».

Ірына Паляніна — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калёніі. Яе абвінавацілі ў тым, што у сьнежні 2020 году жанчына нібыта разьмясьціла абразьлівы камэнтар у сацыяльнай сетцы пад фатаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС, а таксама захоўвала дома патроны ад малакалібэрнай вінтоўкі. Паводле Ірыны, патроны ў яе засталіся ад бацькі.

Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калёніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.

Затрыманьні ў Наваградку

Наваградзкая раённая газэта «Новае жыццё» ў сваіх сацсетках паведаміла пра новыя палітычныя затрыманьні — паводле яе, сілавікі затрымалі шэраг супрацоўнікаў ААТ «Наваградзкі завод газавай апаратуры», заўважылі праваабаронцы.

Прапагандысты пішуць, што затрыманыя «так і не зразумелі, што добра, а што дрэнна» і што іх прыцягнуць да адказнасьці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Учора праваабаронцы паведамлялі пра затрыманьні ў гарадзкім пасёлку Мір і ў горадзе Ваўкавыску, а таксама пра хапун у Баранавічах

ГУБАЗіК пацьвердзіў хапун у Баранавічах і прыгразіў іншым рэгіёнам

Праўладныя тэлеграм-каналы пацьвердзілі інфармацыю пра масавыя затрыманьні ў Баранавічах, якая зьявілася 10 лістапада. Тады праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне сама меней 10 жыхароў гэтага горада, сярод якіх быў праваабаронца Аляксандар Вайцешык.

ГУБАЗіК назваў гэтыя затрыманьні «адпрацоўкай рэгіёну» і папярэдзіў аб аналягічных дзеяньнях у іншых раёнах Беларусі. Адзначаецца, што сярод затрыманых і тыя, хто нядаўна вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.

Зьявілася інфармацыя аб затрыманьнях на Шчучынскім заводзе «Аўтапровад»

Пра затрыманьні на Шчучынскім заводзе «Аўтапровад» паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, заўважыў тэлеграм-канал @Grodno_grab.

Меркаваная прычына затрыманьняў — распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Іншыя падрабязнасьці не вядомыя.


У Горадні за плякат з пратэстаў затрымалі мужчыну

АМАП затрымаў жыхара Горадні, які ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году. Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал «Пульс Гродно». У відэа, апублікаваным каналам, мужчына кажа, што выходзіў на плошчу разам з жонкай. Пара несла плакат, надпіс на якім палічылі паклёпам і асуджэньняў праваахоўных органаў.

Аўтары канала пішуць, што жонку гарадзенца не затрымлівалі, «бо вырашылі праявіць міласэрнасьць да іх дзяцей, каб іх не забралі ў прытулак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 лістапада: мужа палітзьняволенай у Гомлі затрымалі адразу пасьля спатканьня з жонкай

За абразу Лукашэнкі ў Горадні да 2 гадоў «хіміі» асудзілі менчука — яго затрымалі пасьля вяртаньня з-за мяжы

У судзе Ленінскага раёну Горадні 30 кастрычніка вынесьлі прысуд жыхару Менску Вячаславу Чарнецкаму, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Натальля Козел, паведамляе «Вясна».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчыну затрымалі напрыканцы ліпеня ў Горадні, калі ён улетку вярнуўся з-за мяжы ў Беларусь і што ён нібыта напісаў каля 1000 камэнтароў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Вячаслаў зьмясьціў камэнтары ў Тэлеграм-канале «Реальная Беларусь». Як устанавіла экспэртыза, «у тэксьце камэнтароў маецца нэгатыўная ацэначная моўная адзінка, якая мае ненарматыўную форму маўленчага выказваньня на адрас Лукашэнкі і прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі».

Жыхара Баранавічаў затрымалі за масавыя сьпевы на рынку

У судзе Баранавічаў у кастрычніку разглядалі адміністрацыйную справу супраць мужчыны, якога затрымалі за ўдзел у шэсьці са сьпевамі і танцамі на мясцовым рынку — магчыма, гаворка ідзе пра шэсьце крышнаітаў, заўважыла «Люстэрка».

Шэсьце праходзіла ў сярэдзіне дня на Палескім рынку. Як менавіта пра яго даведалася міліцыя, незразумела, але ў справе ёсьць «пратаколы агляду кампутарнай інфармацыі з фатаздымкамі», то бок пра шэсьце даведаліся постфактум.

Пратакол склалі па ч. 2 арт. 24.23 КаАП — арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Пры яго складаньні мужчына прызнаў сваю віну, аднак на разглядзе справы яго не было.

«Арганізаваў масавае мерапрыемства ў выглядзе шэсьця групы грамадзян у колькасьці каля 20 чалавек, якія гралі на музычных інструмэнтах, танцы і сьпевы ў месцы, не прызначаным для яго правядзеньня, без адпаведнага дазволу Баранавіцкага гарвыканкама», — гаворыцца ў пратаколе.

З улікам таго, што мужчына нідзе не працуе, але раней не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, яму прысудзілі адміністратыўны арышт тэрмінам на 10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: Магілёўца арыштавалі за «сябра» ў VK з «экстрэмісцкай» аватаркай; валянтэрку Эвангельскай царквы адправілі на «суткі»