Калі грамадзяне Беларусі, якія законна пражываюць у Нямеччыне, з прычыны палітычнага перасьледу ня могуць вярнуцца на радзіму для афармленьня пашпарта, яны могуць прэтэндаваць на атрыманьне ў ФРГ праязнога дакумэнту для замежнікаў (Reiseausweis für Ausländer). Пра гэта DW паведамілі ў нямецкім Міністэрстве ўнутраных справаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрыжак: пачалі затрымліваць беларусаў, якія вярнуліся ў краіну па новы пашпартУказ Аляксандра Лукашэнкі, які забараняе выдаваць пашпарты за мяжой, у МУС Нямеччыны назвалі «мэтанакіраванымі рэпрэсіямі супраць праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазыцыі». «Гэты ўказ мае далёкасяжныя наступствы для беларусаў дыяспары. Асабліва гэта тычыцца тых беларускіх грамадзянаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з прычыны палітычнага перасьледу і якім пагражаюць рэпрэсіі і нават турэмнае зьняволеньне ў выпадку паўторнага ўезду ў краіну», — заявілі ў нямецкім МУС.
Калі тэрмін дзеяньня пашпарта грамадзяніна Беларусі канчаецца, нямецкае ведамства ў справах іншаземцаў можа спраўдзіць, ці бясьпечна чалавеку вяртацца ў Беларусь для атрыманьня новага пашпарта, ці яму можа быць выдадзены нямецкі дакумэнт, які замяняе пашпарт, растлумачылі ў МУС. У міністэрстве падкрэсьлілі, што «асаблівыя абставіны», якія пацьвярджаюць, што беларусу небясьпечна вяртацца на радзіму па пашпарт, трэба будзе тлумачыць і даказваць.
Рашэньне ў кожным выпадку будзе прымацца індывідуальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне і Нарвэгіі распавялі, як будуць разглядаць заявы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі«Мяркуючы па паведамленьнях аб арыштах грамадзян Беларусі, якія выехалі назад у сувязі з указам, можна выказаць здагадку пра немэтазгоднасьць атрыманьня пашпартоў для беларусаў, адносна якіх даказана, што яны зазналі палітычны перасьлед», — гаворыцца ў адказе МУС. Іміграцыйныя ўлады будуць прымаць рашэньні аб выдачы нямецкіх дакумэнтаў, якія замяняюць пашпарт, асобна ў кожным канкрэтным выпадку. Абавязковая ўмова — законныя падставы для пражываньня ў Нямеччыне.
Калі нямецкі іміграцыйны орган палічыць зварот грамадзяніна Беларусі абгрунтаваным, ён выдасьць праязны дакумэнт для іншаземцаў. Гэты праязны дакумэнт з абмежаваньнямі дазваляе падарожнічаць па Шэнгенскай зоне і ў некаторыя трэція краіны. Дакумэнт яшчэ называюць «шэрым праязным» — за колер вокладкі.
Зь верасьня 2023 году грамадзяне Беларусі ня могуць абмяняць або прадоўжыць свае пашпарты ў амбасадах і консульствах за мяжой, для гэтага трэба асабіста прыехаць у Беларусь. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што гэтае патрабаваньне накіраванае на перасьлед грамадзянаў краіны, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі і былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі пад пагрозай крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У консульствах за мяжой больш ня будуць выдаваць беларускіх пашпартоў? Расказваем пра альтэрнатывуЛідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская ў якасьці магчымага вырашэньня праблемы называла «пашпарт Новай Беларусі», прызнаючы, аднак, што гэта «амбітны і беспрэцэдэнтны праект», які наўрад ці магчыма рэалізаваць у кароткатэрміновай пэрспэктыве.
«У нас прапанова, часовае рашэньне — лічыць пашпарты, тэрмін дзеяньня якіх скончыўся, дзейнымі, каб павялічваць тэрмін дзеяньня дазволаў на жыхарства», — казала DW Ціханоўская. Гэтае пытаньне яна ўздымала на сустрэчах у пачатку лістапада з прадстаўнікамі парлямэнтаў Нямеччыны, Аўстрыі, Францыі, Італіі, Гішпаніі і іншых краінаў.
- 6 жніўня 2023 году прадстаўнік па міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў у Варшаве (Польшча) у рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі.