Застацца ці ўцячы: бацькі сутыкнуліся з дылемай ва ўкраінскім Херсоне праз год пасьля вызваленьня
Ахоўны плот абараняе ад абстрэлаў дзіцячую пляцоўку ў Херсоне. На ёй ляжаць цацкі, у якія ніхто не гуляе.
Херсон разьмешчаны на кантраляваным Украінай заходнім беразе ракі Дняпро, якая служыць дэ-факта лініяй фронту. Па меры ўзмацненьня баявых дзеяньняў з абодвух бакоў бацькі сутыкаюцца з пакутнай дылемай: ці трываць усей сям'ёй няспынныя расейскія абстрэлы, ці даставіць сваіх дзяцей у бясьпечнае месца?
На бязьлюднай вуліцы зьбіраюцца бадзяжныя сабакі.
Горад вызвалілі ад расейскіх войскаў 11 лістапада 2022 году пасьля амаль васьмімесячнай акупацыі. Баючыся за гарадзкіх дзяцей, мясцовыя ўлады стварылі праграму часовага перасяленьня іх у лягер адпачынку ў гарах на захадзе Ўкраіны.
Збор дзяцей перад эвакуацыяй 30 кастрычніка.
Надзея Кандраткова, маці дзьвюх дачок, якая ўпершыню разлучыцца зь імі, задрыжала ад страху, а яе вочы напоўніліся слязьмі.
«Яны павінны адпачыць далей ад выбухаў і сырэн», — патлумачыла Кандраткова сваё рашэньне адправіць іх. «Яны зьнясіленыя, — сказала яна. — Яны больш ня могуць спаць і крычаць па начах».
Пад гукі выбухаў удалечыні дзеці чакаюць эвакуацыйнага аўтобуса перад ад'ездам.
«Наша задача — даставіць дзяцей на некалькі месяцаў у бясьпечнае месца», — сказаў чыноўнік Антон Яфанаў. «Мы адчувалі, што становіцца ўсё больш небясьпечна, бо абстрэлаў становіцца ўсё больш».
11-гадовы Барыс сядзіць адзін у маленькім пакоі, які ён дзеліць са сваёй сям'ёй у цэнтры прыёму ўцекачоў у Мікалаеве.
Кіеў заяўляе, што больш за 500 дзяцей былі забітыя з таго часу, як Расея пачала несправакаванае ўварваньне ў лютым 2022 году, што стала змрочным паваротным пунктам у больш як 20-месячным канфлікце.
Іконы сям’і ўпрыгожваюць пакой, дзе яны жывуць у цэнтры прыёму ўцекачоў.
Пакуль некаторыя сем’і пакідаюць Херсон, іншыя вырашылі застацца.
Дзяўчынка запускае паветранага зьмея са сваёй бабуляй перад захадам сонца ў Херсоне.
Уладзімір наносіць макіяж на Гэлаўін на твар сваёй 11-гадовай дачкі Дар'і.
«Цяжка быць бацькам цяпер. Цяжка растлумачыць дзіцяці, што адбываецца, не траўмуючы яго. Мы гаворым ім быць больш уважлівымі, слухаць сырэны».
Яны з жонкай стараюцца вадзіць дзяцей на дзіцячыя пляцоўкі «да сырэн», каб яны не забываліся, што ёсьць цяпло, весялосьць, шчасьце, а ня толькі трагедыя і сьмерць.
Марына дапамагае сваёй 6-гадовай дачцэ Ганьне апрануцца на Гэлаўін, а яе муж Уладзімір назірае, як дачка Дар’я бегае ў чорнай накідцы і скандуе: «Я сьмерць, я хаваюся ў цені».
«Мы сьвяткуем Гэлаўін, каб забыць вайну», — сказаў Уладзімір, усьміхаючыся сонечным промням.
43-гадовы Генадзь Грыцкоў сядзіць побач са сваёй маці Любоўю Сытнікавай у цэнтры для ўцекачоў, калі яна паказвае на тэлефоне фота свайго 6-гадовага ўнука Назара, які загінуў у мінулым месяцы падчас абстрэлу з боку Расеі ў Херсонскай вобласьці. Таксама пацярпеў яе 13-гадовы ўнук. Цяпер яны жывуць на месцы былой школы-інтэрнату ў Мікалаеве.
«У той дзень мы павінны былі сьвяткаваць дзень нараджэньня майго сына. Мой унук сказаў мне, што ён хоча ісьці ў школу, што хоча навучыцца пісаць. Ён так і не пайшоў», — сказала яна са сьлязьмі.