Дзяржаўная авіякампанія «Белавія» пашырыць мапу палётаў і запусьціць прамыя рэйсы зь Віцебску ў курортны эгіпецкі горад Шарм-эш-Шэйх у пачатку лютага 2024 году. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на прэс-службу авіякампаніі.
Першы рэйс па чартэрнай праграме заплянаваны на 7 лютага. Барты з турыстамі будуць вылятаць у Шарм-эш-Шэйх зь Віцебску раз на 10 дзён. Расклад на люты і сакавік ужо складзены.
Палёты з аналягічнай частатой будуць ажыцьцяўляцца ў Шарм-эш-Шэйх з Гомлю, пачынаючы з 23 студзеня 2024 году.
«Таксама з Гомлю плянуюцца з траўня рэйсы ў Анталію. Да 2020 году былі задзейнічаны ўсе абласныя аэрапорты, зараз авіякампанія аднаўляе прыпыненыя маршруты», — растлумачылі ў «Белавія».
У кастрычніку пачаліся рэйсы з Менску на іншы курорт Эгіпту — Марса-Алам. Аднак ужо 16 лістапада яны спыняццца, бо ў аэрапорце адмовіліся запраўляць самалёты «Белавія».
Раней з Гомлю запусьцілі прамыя рэйсы да расейскай сталіцы — Масквы.
Ад 2021 году, калі ў аэрапорце Менску быў прымусова пасаджаны самалёт Ryanair, над Беларусьсю перасталі ажыцьцяўляць палёты эўрапейскія авіякампаніі, закрыўшы і сваё неба для беларускіх самалётаў. Эўракантроль абмежаваў палёты эўрапейскай цывільнай авіяцыі ў паветранай прасторы Беларусі да 2029 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На эгіпецкім курорце адмовіліся запраўляць самалёты «Белавія» — рэйсы туды спыняюць празь месяц пасьля пачатку