Партал «Аўтабізнэс» працягвае працу, заяву пра закрыцьцё праекту выдалілі з сайту

Скрыншот з сайту abw.by за 9 лістапада: сайт працягвае абнаўляцца

Сайт «Аўтабізнэс» (abw.by) 9 лістапада працягнуў абнаўляцца пасьля паведамленьня заснавальніка — ТАА «Бонусторг», якому належыць выданьне «Аўтабізнэс», пра гатоўнасьць спыніць працу сайту.

Само паведамленьне зьнялі з сайту, заўважыла выданьне «Позірк». Спачатку яго прыбралі з галоўнай старонкі, і яно было дасяжнае толькі па прамой спасылцы (час публікацыі ўказаны 1 студзеня 0001 году, 0:00), а потым і зусім зьнікла (гл. скрыншоты ніжэй).

Скрыншот старонкі, дзе 8 лістапада разьмясьцілі заяву аб закрыцьці праекту. 9 лістапада 2023 году

Ніякіх тлумачэньняў рэдакцыя не дала.

8 лістапада заснавальнікі ТАА «Бонусторг», якому належыць выданьне «Аўтабізнэс», пракамэнтавалі на сайце «Аўтабізнэс» нядаўні арышт дырэктара кампаніі Віталя Палякова і паведамілі, што «з прычыны розных абставінаў падышлі да таго моманту, калі гатовыя спыніць працу сайта ABW.BY».

Скрыншот галоўнай старонкі сайту abw.by за 8 лістапада, дзе топавым матэрыялам стаіць заява ўладальнікаў парталу «Аўтабізнэс»

«Мы 3 гады спрабавалі паправіць сытуацыю да лепшага, у тым ліку наймаючы добрых праграмістаў, мяняючы дырэктараў. Не хацелася спыняць гісторыю, на наш погляд, найлепшай у краіне аўтамабільнай журналістыкі, якая бярэ свой пачатак у 1993 годзе, яшчэ з газэты „Автобизнес“», — гаварылася ў заяве.

У ёй адзначылі, што «выгадавалі плеяду выдатных спэцыялістаў», якія «лёгка знойдуць сабе новыя працоўныя месцы», і паабяцалі пры звальненьні выплаціць усім «кротныя аклады і нават больш у выглядзе выходных дапамог».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнікі парталу «Аўтабізнэс» заявілі аб закрыцьці праекту
  • 28 кастрычніка ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК зьявілася відэа затрыманьня дырэктара парталу ABW.BY Віталя Палякова. Яго прымусілі сказаць, што ён браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама назваць свой заробак.
  • У студзені 2023 году суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў галоўнага рэдактара ABW.BY Юлію Мудрэўскую на 1,5 года калёніі па артыкуле аб парушэньні грамадзкага парадку, а рэдактара спэцпраектаў парталу Юрыя Гладчука — на 2,5 года калёніі.