Паводле стану на 9 лістапада, праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычнымі вязьнямі 1460 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.
Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча перавялі на турэмны рэжым
Як даведаліся праваабаронцы, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся суд па замене былому падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу рэжыму ўтрыманьня. Паводле рашэньня судзьдзі Тацяны Хрыпач, палітвязьня перавялі на турэмны рэжым, паведаміў 9 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна».
30 сакавіка 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе Аляксея Храловіча асудзілі да 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага званьня «падпалкоўнік». Пад вартай да суда яго ўтрымлівалі каля году.
Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржаўным тэлебачаньні, Храловіч нібыта меў дачыненьне да перадачы заснавальніку тэлеграм-каналу Nexta Сьцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпалкоўніка КДБ Храловіча асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналам
Журналіста Паўла Мажэйку этапавалі ў калёнію
Палітзьняволенага горадзенскага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калёнію. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Ірына Чарняўка, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У якой калёніі будзе адбываць прысуд журналіст — пакуль невядома. Як і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.
17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных да зьняволеньня па абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Абодвух сёлета 26 ліпеня Горадзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў калёніі, прычым Паўла — ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэты вырак Вярхоўны суд пакінуў у сіле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў зьняволеньняПаўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 году ў Горадні па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы. Пасьля затрыманьня ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. У чым журналіста вінавацілі, доўгі час не было вядома, бо адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошваньні. Тое, што яму інкрымінавалі «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 году.
Паводле сьледзтва, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненьне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павал нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб перадачы інфармацыі, час і датычных да гэтага іншых асобаў сьледзтва ня высьветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.
Справу журналіста і адвакаткі ў Горадзенскім абласным судзе разьбіраў судзьдзя Максім Філатаў, вядомы сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суду Павал Каршуновіч падтрымаў вырак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: для Паўла Мажэйкі ў СІЗА не прынялі лекаў