Заснавальнікі ТАА «Бонусторг», якому належыць выданьне «Аўтабізнэс», пракамэнтавалі нядаўні арышт дырэктара кампаніі Віталя Палякова і паведамілі, што закрываюць праект ABW.BY.
У заяве адзначаецца, што заснавальнікаў ТАА «Бонусторг» «папрасілі» пракамэнтаваць нядаўні арышт дырэктара кампаніі. Паводле іх, Віталя Палякова прынялі на працу 29 верасьня 2023 году «з выпрабавальным тэрмінам 3 месяцы і акладам у памеры 3600 рублёў» і на момант затрыманьня ён «не прапрацаваў у калектыве яшчэ і месяца і не атрымаў ніводнага заробку».
«Зыходзячы з рэзюмэ суіскальніка пасады, пры прыёме на працу мы можам разумець, падыходзіць ён нам як спэцыяліст ці не. Але мы не правяраем ягонае асабістае жыцьцё, кола знаёмстваў і перапіскі ў мэсэнджарах, бо ня маем для гэтага функцый і паўнамоцтваў, як у МУС, пракуратуры і іншых органаў улады», — гаворыцца ў заяве.
У кампаніі падкрэсьліваюць, што ў сваёй працы ў якасьці інтэрнэт-рэсурсу яны кіруюцца Законам аб СМІ і падпарадкоўваюцца Міністэрству інфармацыі РБ, і што ў сайту «няма папярэджаньняў ад кантралюючага органа».
«Наконт нашых палітычных поглядаў ці грамадзянскай пазыцыі. Мы палітычна не ангажаваныя, ні ў чым ня ўдзельнічалі, нікога не фінансавалі і, паводле меркаваньня, выказанага А.Г. Лукашэнкам у адным з інтэрвію, што ў бізнэсоўца — ці бізнэс, ці палітыка, заўсёды выбіралі бізнэс», — падкрэсьліваецца ў заяве.
У сваёй заяве заснавальнікі ТАА «Бонусторг» паведамілі, што сёньня «з прычыны розных абставінаў падышлі да таго моманту, калі гатовыя спыніць працу сайта ABW.BY». Яны адзначаюць, што маглі зрабіць гэта яшчэ раней: з пачаткам пандэміі і наступнымі эканамічнымі санкцыямі прадпрыемства стала стратным, бо «прыбытковасьць аўтамабільных парталаў зьвязаная з агульным становішчам на аўтарынку краіны».
«Мы 3 гады спрабавалі паправіць сытуацыю да лепшага, у тым ліку наймаючы добрых праграмістаў, мяняючы дырэктараў. Не хацелася спыняць гісторыю, на наш погляд, найлепшай у краіне аўтамабільнай журналістыкі, якая бярэ свой пачатак у 1993 годзе, яшчэ з газэты „Аўтабізнэс“», — гаворыцца ў заяве.
У ёй адзначаюць, што «выгадавалі плеяду выдатных спэцыялістаў», якія «лёгка знойдуць сабе новыя працоўныя месцы», і абяцаюць пры звальненьні выплаціць усім «кротныя аклады і нават больш у выглядзе выходных дапамог».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жорстка затрымалі дырэктара вядучага аўтамабільнага парталу. Раней пасадзілі галоўную рэдактарку і рэдактара спэцпраектаў ABW.BY- Інтэрнэт-партал ABW.BY працаваў з 2006 году. Гісторыя праекту пачалася ў 1993 годзе з выхадам газэты «Автобизнес».
- 28 кастрычніка ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК зьявілася відэа затрыманьня дырэктара парталу ABW.BY Віталя Палякова. Яго прымусілі сказаць, што ён браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама назваць свой заробак.
- У студзені 2023 году суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў галоўнага рэдактара ABW.BY Юлію Мудрэўскую на 1,5 года калёніі па артыкуле аб парушэньні грамадзкага парадку, а рэдактара спэцпраектаў парталу Юрыя Гладчука — на 2,5 года калёніі.