Эўракамісія рэкамэндуе пачаць перамовы з Малдовай і Ўкраінай аб уступленьні ў Эўрапейскі зьвяз і надаць Грузіі статус краіны-кандыдаткі на ўступленьне.
«Сёньня Эўракамісія рэкамэндуе пачаць працэс перамоў з Малдовай і Ўкраінай», — абвясьціла прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Паводле яе, перамовы аб далучэньні да Эўразьвязу таксама рэкамэндавана пачаць з Босьніяй і Герцагавінай, а Грузіі надаць статус краіны-кандыдыткі на ўступленьне ў ЭЗ.
Цяпер адпаведнае рашэньне мае ўхваліць Эўрапейская рада.
Як адрэагавалі ў Кіеве і Кішынёве
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў рашэньне Эўракамісіі правільным крокам у гістарычным пляне.
«Чысты пазытыў. Насуперак усім цяжкасьцям рухаемся наперад, і ўжо ў сьнежні чакаем палітычнага рашэньня ад Эўрапейскай рады. Наша дзяржава павінна быць у Эўразьвязе. Украінцы гэтага заслугоўваюць і сваёй абаронай эўрапейскіх каштоўнасьцяў, і тым, што нават у час поўнамаштабнай вайны мы трымаем сваё слова, разьвіваем дзяржаўныя інстытуцыі. Усе неабходныя рашэньні ўхвальваем», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што рашэньне Эўракамісіі зьяўляецца прызнаньнем супольных намаганьняў усіх дзяржаўных інстытутаў, якія працуюць над трансфармацыяй краіны.
«Сёньняшняе рашэньне Эўракамісіі заахвочвае і дае нам магчымасьць працягваць тое, што мы пачалі: зрабіць Малдову мацнейшай дзяржавай, якая забясьпечвае мір, робіць свой унёсак у рэгіянальную бясьпеку і клапоціцца пра дабрабыт сваіх грамадзян. Для гэтага трэба шмат працаваць, бо на шляху, які мы выбралі, шмат праблем. Мы не баімся працы, і наша мэта, каб Малдова была гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году», — заявіла Мая Санду.
Украіна разам з Малдовай падалі заяўкі на ўступленьне ў Эўразьвяз амаль адразу пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю. Пазьней адпаведную заяўку падалі і ўлады Грузіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія рэкамэндавала даць Украіне статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія і Малдова зрабілі «першы крок на эўрапейскім шляху»