У судзе Добрускага раёну 8 лістапада пачынаецца крымінальны працэс над групай абвінавачаных паводле карупцыйных артыкулаў «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі», «Службовы падлог», «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў», а таксама «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». Паводле сьледзтва, злачынцы — службовыя асобы, якім прысвойвалі ганаровыя званьні ў той час, калі яны займаліся карупцыяй.
Як раней паведамляў «Флагшток», адным зь фігурантаў гэтай справы стаў экс-начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Добрускага райвыканкаму Яўген Ігнаценка.
Судовы расклад паказаў маштаб крымінальнай справы: пад суд трапіла амаль уся сельскагаспадарчая эліта раёну, перад судом паўсталі кіраўнікі мясцовых гаспадарак. У прыватнасьці, гэта Руслан Сакалоў, якога ў 2019 годзе на пасадзе дырэктара сельгаспрадпрыемства «Церахоўка-Агра» назвалі пераможцам у намінацыі «Кіраўнік году».
У ліку абвінавачаных і іншыя кіраўнікі гаспадарак, ёсць сярод іх і дзейныя дэпутаты мясцовых саветаў, а акрамя таго — дэлегат на «ўсебеларускі народны сход» ад Добрускага раёну. Гэта дырэктар ААТ «Калінінскі» Віктар Байдаў.
«Працуе выключна плённа і эфэктыўна, невялікімі выдаткамі працы дасягае значных вынікаў. Вызначаецца дысцыплінаванасьцю, стараннасьцю, прынцыповасьцю, патрабавальны да сябе і падначаленых. Мае добрыя арганізатарскія здольнасьці», — такую характарыстыку яму давалі ў 2020 годзе.
Таксама сярод фігурантаў справы кіраўніца сельгаспрадпрыемства «Жгунскае» Натальля Сцяпанава, дырэктарка ААТ «Чырвоная Буда» Ірына Бяздольная і іншыя абвінавачаныя.
Па вэрсіі следзтва, аграрыі займаліся прыпіскамі з мэтай прадэманстраваць высокія паказчыкі вытворчасці і рэалізацыі малака. У выніку рэальныя аб’ёмы вытворчасьці малака ў Добрускім раёне былі завышаныя на 5 тысяч тон.
Фігурантам прыпісваюць злачынную дзейнасьць у пэрыяд за 2019-2022 гады — якраз у той час, калі некаторым цяпер абвінавачаным і давалі ганаровыя званьні, станоўчыя характарыстыкі, адпраўлялі на УНС.
«Экс-кіраўнікам выстаўлена абвінавачаньне ў дачы і выкананьні незаконных указаньняў на афармленьне фіктыўнай дакумэнтацыі, якая ўплывае на высокія паказчыкі ў вытворчасьці і рэалізацыі малака. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў бесьпярэчна выконвалі незаконныя ўказаньні вышэйпаказанага прадстаўніка органа ўлады», — гаварылася ў паведамленьні Сьледчага камітэту.
Што да былога намесьніка старшыні райвыканкаму, то ў яго «зоне інтарэсаў знаходзіліся прыналежныя гаспадаркам аўтамабільнае паліва, будаўнічыя матэрыялы — шыфэр, сьценавыя блёкі»:
«Гэтыя матэрыялы былі скарыстаны пры будаўніцтве лазьні для яго патрэб. Дарэчы, паслугі рабочых на яе будаўніцтве аплачаны таксама за кошт сродкаў аднаго з сельгаспрадпрыемства. Выкрадаліся і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці, якія належаць юрыдычным асобам. Напрыклад, намесьнік старшыні райвыканкаму сыстэматычна ладзіў банкеты, для якіх сумесна з дырэктарам адной з гаспадарак рэгулярна выкрадаў прадукцыю ўласнай вытворчасьці сельгаспрадпрыемства», — удакладнялі ў СК.
Паводле інфармацыі ведамства, падчас сьледзтва абвінавачаныя пакрылі амаль 100 тыс. рублёў шкоды. У адрас сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласьці, мясцовых органаў улады і кіраваньня, органаў статыстыкі і службам, якія адказваюць за вэтэрынарны нагляд, было ўнесена 17 прадстаўленьняў.
Па выніках іх разгляду да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасьці прыцягнута 49 службовых асоб і іншых работнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 лістапада: у Баранавічах за сарваныя дзяржаўныя сьцягі асудзілі двух мужчын ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 лістапада: Трэнэра акадэміі менскага «Дынама» Артура Мустыгіна пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі»