Удзел у мерапрыемстве ўзялі кіраўнікі парлямэнцкіх групаў з Аўстрыі, Гішпаніі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Малдовы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Францыі і Чэхіі. Онлайн далучыліся парлямэнтары з Ірляндыі, ЗША і Ўкраіны.
У прамове Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што трэба працягваць ціск на рэжым і патрабаваць неадкладнага вызваленьня палітвязьняў. Таксама яна заклікала дэпутатаў спрасьціць працэдуры легалізацыі беларусаў у выгнаньні:
«Нам трэба комплекснае рашэньне, якое ўключыла б у сябе выдачу пашпартоў замежніка, падаўжэньне відаў на жыхарства і спрашчэньне юрыдычных працэдураў. Са свайго боку, мы рыхтуемся выдаваць новы беларускі пашпарт. Я прашу вас падтрымаць гэты праект у вашых парлямэнтах», — цытуе словы Ціханоўскай яе прэс-служба.
Асобна палітык заклікала падтрымаць эўрапейскія памкненьні беларусаў:
«Для нас Эўрапейскі Зьвяз — адзіная альтэрнатыва „рускаму сьвету“. Сьвету гвалту, несправядлівасьці і тыраніі. Толькі ў Эўрапейскім Зьвязе Беларусь можа захаваць незалежнасьць і гарантаваць дабрабыт сваім грамадзянам».
Напрыканцы свайго выступу Сьвятлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства далучыцца да Дня салідарнасьці зь Беларусьсю 12 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне ствараюць альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Такія групы ёсьць у 21 парлямэнцеУ Бэрліне 7 лістапада праходзіць міжпарлямэнцкая канфэрэнцыя «Падтрымка дэмакратычнай Беларусі сіламі парлямэнтаў» для стварэньня кааліцыі дэпутацкіх груп сяброў новай Беларусі з парлямэнтаў эўрапейскіх краін.
Прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі ў сталіцы Нямеччыны ўдзельнічаюць у дэбатах на тэму Беларусі ў Бундэстагу. Заплянаваныя таксама сустрэчы зь нямецкімі палітыкамі — старшынёй Бундэстагу Бэрбэль Бас, дзяржаўным міністрам у пытаньнях Эўропы Аннай Люрман, дарадцам канцлера ў замежнай палітыцы і пытаньнях бясьпекі Енсам Плётнэрам, дзяржаўным сакратаром Міністэрства ўнутраных спраў Бэрндам Крэсэрам.
Яны таксама возьмуць удзел у супольным мітынгу зь беларускай дыяспарай увечары 7 лістапада каля Брандэнбурскай брамы.