«Сумесна з аблвыканкамам 11 чысла (лістапада. — РС) мы плянуем плённа папрацаваць на тэрыторыі Кобрынскага ўмацаваньня. Будзе вялікая ўдарная праца, каб даць старт будоўлі рэспубліканскага патрыятычнага цэнтру. З гэтым праектам зьвязана тое, што сёньня ўсіх нас сілкуе, — гэта патрыятызм, памяць», — цытуе БЕЛТА старшыню Берасьцейскага гарвыканкаму Сяргея Лабадзінскага.
Паведамляецца, што ў суботніку возьмуць удзел мясцовыя чыноўнікі, актывісты БРСМ, студэнты ВНУ, школьнікі з «патрыятычных клясаў» і вайскоўцы.
Само ж будаўніцтва «цэнтру патрыятычнага выхаваньня моладзі» на базе Кобрынскага ўмацаваньня Берасьцейскай крэпасьці мяркуецца зьдзейсьніць у некалькі этапаў.
У выніку першай чаргі рэканструкцыі зьявіцца комплекс, які складаецца з казарменнага памяшканьня, зоны летніх намётавых лягераў, вайскова-спартыўных і гульнявых пляцовак. На другім этапе адбудзецца рэканструкцыя казэматаў пад навучальныя клясы і сталоўку, рамонт паўночна-заходняй брамы Берасьцейскай крэпасьці. На трэцім этапе будзе адноўлены заходні форт, дзе разьмесьціцца забаўляльна-асьветніцкі комплекс, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкуюць.
БЕЛТА паведамляе, што кошт аднаго толькі першага этапу — Br30 млн.
Пасьля выбараў 2020 году ўлады шмат гавораць пра неабходнасьць «патрыятычнага выхаваньня беларускіх дзяцей». Другі год з гэтай мэтай праводзяцца лягеры пад апекай сілавікоў. Ад пачатку навучальнага году для школьнікаў стварылі дзясяткі вайскова-патрыятычных клюбаў, а ў школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі: «Да канца навучальнага году вайскова-патрыятычны кляс ці клюб павінен зьявіцца ў кожнай школе» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўратуе Лукашэнку мілітарызацыя сыстэмы адукацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне школьнікаў пачалі вазіць на экскурсіі па мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём Лукашэнкі