Ізраіль заявіў, што гатовы да «невялікіх паўзаў» у баях з ХАМАС дзеля вызваленьня закладнікаў

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу. Архіўнае фота

З павелічэньнем у сэктары Газа колькасьці ахвяр сярод цывільных у выніку ізраільскіх абстрэлаў і баявых дзеяньняў павялічваецца і колькасьць заклікаў да спыненьня агню.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль возьме на сябе «агульную адказнасьць за бясьпеку» ў сэктары Газа «цягам нявызначанага часу» пасьля заканчэньня вайны з экстрэмісцкім фармаваньнем ХАМАС і выказаў гатоўнасьць да «невялікіх паўзаў» у баях, каб спрыяць вызваленьню закладнікаў.

Біньямін Нэтаньягу ў інтэрвію, якое выйшла ў эфір увечары 6 лістапада на тэлеканале ABC News, выключыў любое агульнае спыненьне агню без вызваленьня больш як 240 закладнікаў, якіх захапіў ХАМАС у часе нападу на Ізраіль 7 кастрычніка.

Паводле ізраільскага прэм’ера, спыненьне агню будзе перашкаджаць баявым дзеяньням супраць джыгадзістаў.

«Адзінае, што ўзьдзейнічае на гэтых злачынцаў з ХАМАС, — гэта вайсковы ціск, які мы ажыцьцяўляем», — сказаў Біньямін Нэтаньягу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эгіпет аднавіў працу кантрольна-прапускнога пункту Рафах на мяжы з сэктарам Газа

У ААН зноў заклікалі Ізраіль да спыненьня агню

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш чарговы раз заклікаў да гуманітарнага спыненьня агню ў сэктары Газа.

«Шлях уперад зразумелы. Гуманітарнае спыненьне агню. Тэрмінова», — заявіў Антонію Гутэрыш журналістам у ААН.

Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў сэктары Газа з мэтай цалкам зьліквідаваць ХАМАС, які ў Эўразьвязе і ЗША прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦАХАЛ нанёс удары па 2,5 тысячы аб’ектаў ХАМАС

З павелічэньнем у сэктары Газа колькасьці ахвяр сярод цывільных у выніку ізраільскіх абстрэлаў і баявых дзеяньняў павялічваецца і колькасьць заклікаў да спыненьня агню. Адміністрацыя ЗША заявіла, што выступае за гуманітарныя паўзы ў баявых дзеяньнях, але падтрымлівае апэрацыю Ізраілю супраць ХАМАС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эвакуацыйны рэйс забраў 117 беларусаў з Тэль-Авіва ў Менск

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.