7 лістапада 1917 году ў Расейскай імпэрыі адбылася так званая Кастрычніцкая рэвалюцыя, якую камуністы называюць «Вялікай», а шэраг гісторыкаў «пераваротам».
У цэнтры Менску, на плошчы Незалежнасьці, пад помнікам правадыру таго перавароту Ўладзіміру Ульянаву (Леніну) сабраліся дзясяткі камуністаў і прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў. Яны прынесьлі з сабой чырвона-зялёныя сьцягі, сьцягі СССР і іншую камуністычную сымболіку.
Са сьвятам беларускі народ павіншаваў Аляксандар Лукашэнка. У сваім выступе ён адзначыў, што «ідэалы Вялікага Кастрычніка па-ранейшаму актуальныя і значныя».
Апошнімі краінамі, дзе адзначалася гадавіна Кастрычніцкага перавароту, былі Беларусь, Кіргізстан і Расея. Спачатку сэнс сьвята перафарматавалі расейцы, якія перасталі сьвяткаваць сам факт рэвалюцыі, у 2017-м афіцыйнае адзначэньне 7 лістапада як сьвята ў апошні раз адбылося ў Бішкеку.
Такім чынам, з 2018 году Беларусь — адзіная дзяржава сьвету, дзе 7 лістапада адзначаецца дагэтуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ліміт рэвалюцый у нас вычарпаны». Чаму Лукашэнка і Пуцін часта паўтараюць сьцьвярджэньне, якое супярэчыць законам гісторыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і здань бальшавізму. Лукашэнку наперадзе чакае свой 1917 год