Выведка Ўкраіны: расейцы закладваюць міны на аб'ектах інфраструктуры акупаванай Херсоншчыны на выпадак адступленьня

Наступствы расейскай ракетнай атакі па лякарні ў горадзе Берыслаў Херсонскай вобласьці, 5 кастрычніка 2023. Ілюстрацыйнае фота

А ў Расеі паведамілі, што раніцай 7 лістапада ўкраінскія войскі атакавалі Крым 17 дронамі.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што расейскія войскі ставяць міны на электрападстанцыях і газаразьмеркавальных станцыях у акупаваных населеных пунктах Херсонскай вобласьці.

«На часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласьці расейскія захрпнікі закопваюць выбухоўку паблізу стацыянарных пунктаў газарэгуляваньня, электрычных падстанцый і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. Гэтыя дзеяньні акупантаў сьведчаць пра іхны намер зьнішчыць элемэнты крытычнай інфраструктуры, калі давядзецца адступаць», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанская выведка: Расея панесла пад Аўдзееўкай адны з самых высокіх стратаў за год

Расейцы штодзённа абстрэльваюць прыфрантавыя паселішчы Херсоншчыны

Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны ў выніку расейскіх абстрэлаў 6 чалавек атрымалі раненьні. Расейскія войскі наносілі ўдары з артылерыі, зэнітных комплексаў, танкаў, авіяцыі і пры дапамозе бесьпілётнікаў.

У прыфрантавых паселішчах пашкоджаньні атрымалі жылыя кварталы і прадпрыемства харчовай пармысловасьці.

На Херсон расейцы запусьцілі 27 снарадаў. Ад удараў пацярпела гарадзкая мэдычная ўстанова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсонскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі шэсьць чалавек, пашкоджаны школа і больш за 20 дамоў

Расейскія войскі не спыняюць атак на Аўдзееўку

На лініях фронту за апошнія содні адбылося 78 баявых сутыкненьняў. Расейскія войскі нанесьлі 16 авіяцыйных удараў і зьдзейсьнілі 54 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню па пазыцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.

Як паведамілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны, расейцы не спыняюць спробаў узяць у атачэньне Аўдзееўку. На аўдзееўскім кірунку ўкраінцы адбілі больш як 20 атак.

Адначасова расейскія войскі працягваюць атакаваць украінскія пазыцыя і на іншых кірунках — на данецкім і запароскім.

«Сілы абароны Ўкраіны працягваюць наступальную апэрацыю на мелітопальскім кірунку», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.

За апошнія содні ўкраінцы нанесьлі шэсьць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраеньня і вайсковай тэхнікі расейцаў. У выніку зьнішчаны пункт кіраваньня, па адным артылерыйскім і супрацьпаветраным сродку і «яшчэ адну важную цэль праціўніка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія выведкі ацанілі, ці зможа Расея падтрымліваць інтэнсіўнасьць абстрэлаў Украіны на ўзроўні 2022 году

У Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў новай атацы на акупаваны Крым

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што раніцай 7 лістапада ўкраінскія войскі атакавалі анэксаваны Крым 17 дронамі.

«Дзяжурныя сродкі СПА зьнішчылі 9 украінскіх бесьпілётніх апаратаў і 8 — перахапілі над акваторыяй Чорнага мора і тэрыторыяй Рэспублікі Крым», — адзначаецца ў паведамленьні.

Аб наступствах падзеньня аскепкаў дронаў не паведамляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя з анэксаванага Крыму наведала Турэччыну. МЗС Украіны запатрабавала ад Анкары тлумачэньняў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Аб наступствах падзеньня аскепкаў дронаў не паведамляюць.