Былога ўладальніка «Макдональдс» у Беларусі выпусьцілі з турмы

Кайрат Баранбаеў

Бізнэсоўцу замянілі пакараньне, прызначанае раней.

Бізнэсоўца Кайрат Баранбаеў выйшаў на волю, паведамляе inform.kz. Неадбытую частку пазбаўленьня волі яму замянілі пакараньнем у выглядзе абмежаваньня волі. Баранбаеў будзе адбываць яго дома.

Адміністрацыя ўстановы ўручыла асуджанаму прадпісаньне аб выезьдзе да месца адбываньня пакараньня з указаньнем маршруту і часу прыбыцьця ў службу прабацыі для пастаноўкі на ўлік і вядзеньня прабацыйнага кантролю, куды накіроўваюцца матэрыялы, якія характарызуюць Баранбаева.

Кайрата Баранбаева затрымалі ў сакавіку 2022 году. Суд у Астане прысудзіў Баранбаеву 8 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці, прызнаўшы яго вінаватым у буйных крадзяжах і адмываньні грошай.

У кастрычніку суд задаволіў хадайніцтва бізнэсоўцы аб замене пакараньня на абмежаваньне волі. Узамен ён перадаў дзяржаве вялікую частку сваіх актываў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніка беларускага экс-«Макдональдса» асудзілі на 8 гадоў турмы

Раней Баранбаеў валодаў франшызай Mcdonald’s у Беларусі і Казахстане. Яму таксама належалі прадпрыемствы па разьліве мінэральнай вады, фітнэс-клюбы, фармацэўтычныя вытворчасьці, камэрцыйная нерухомасьць і іншае.

У лістападзе 2022 году зьявілася паведамленьне пра выхад McDonald’s зь Беларусі. Спачатку паведамлялі, што сетка хуткага харчаваньня працягне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», але гэтага не адбылося. Паводле інфармацыі СМІ, франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Mak.by, што ўзьнік на месцы McDonald’s у Беларусі, рэгіструе новыя брэнды: Mak.Drive, Mak.Delivery, Mak.Cafe