Паліцыя на поўдні Турэччыны выкарыстоўвала сьлезацечны газ супраць пратэстоўцаў, якія паспрабавалі трапіць на авіябазу ЗША Інджырлік пад горадам Адана.
Як паведамляе турэцкі тэлеканал NTV, група людзей, якія выступаюць супраць дзеяньняў Ізраіля і ЗША, запатрабавалі закрыць авіябазу.
Па дадзеных тэлеканала, некаторыя ўдзельнікі акцыі прыехалі ў Адану са Стамбула, да іх далучыліся жыхары іншых гарадоў. Паліцыянты перакрылі вуліцы і праспэкты каля авіябазы. Калі дэманстранты паспрабавалі трапіць на базу праз палі, паліцыянты ўжылі сьлезацечны газ і вадамёты.
- 7 кастрычніка радыкальныя палестынскія групоўкі ХАМАС і «Ісламскі джыгад» напалі на поўдзень Ізраіля. Загінулі 1400 чалавек, каля 250 чалавек былі захоплены ў закладнікі і вывезены ў сэктар Газа. У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы» і атакаваў Газу. У канцы кастрычніка Армія абароны Ізраілю зайшла на тэрыторыю сэктару, пачалася наземная апэрацыя.
- Па дадзеных падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, па апошніх дадзеных, з прычыны нападаў Ізраілю колькасьць загінулых набліжаецца да 10 тысяч, уключаючы 4800 дзяцей. Незалежнага пацьверджаньня гэтым дадзеным няма.
- Палестынскі бок абвінавачвае Ізраіль у абстрэлах мірнага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры. Армія абароны Ізраілю сьцьвярджае, што атакуе аб'екты ХАМАС, у тым ліку падземныя, якія разьмяшчаюцца ўнутры жылых раёнаў Газы.
- ААН і краіны Захаду заклікае бакі да больш хуткага спыненьня агню. Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на гуманітарны крызіс у сэктары Газа.