Аэрапорт Гамбургу паралізаваны: мужчына ўзяў у закладнікі дзіця

Аэрапорт Гамбургу, архіўнае фота

Аэрапорт нямецкага гораду застаецца закрытым, бо паліцыя разьбіраецца з «сытуацыяй з закладнікамі».

Аэрапорт Гамбургу закрыўся ў нядзелю, паколькі паліцыя разьбіраецца з сытуацыяй з закладнікамі, паведамілі ўлады, інфармуе агенцтва Reuters. Паводле зьвестак паліцыі, узяцьце ў закладнікі можа быць зьвязанае са спрэчкай аб апецы.

Аэрапорт зачыніўся для ўсіх узьлётаў і пасадак у суботу ўвечары пасьля таго, як на месца прыбыла вялікая колькасьць паліцыі. Мужчына праехаў праз шлягбаўм на тэрыторыю аэрапорту зь дзіцём.

Аўтамабіль з 35-гадовым мужчынам і 4-гадовым дзіцём прыпаркаваўся пад самалётам, паведаміў прадстаўнік паліцыі.

«Апэрацыя працягваецца. Нашы ўдзельнікі перамоваў падтрымліваюць сувязь з чалавекам у машыне», — паведаміла паліцыя ў нядзелю на плятформе сацыяльных сетак X, раней вядомай як Twitter.

Паліцыя заявіла, што маці дзіцяці сказала ім, што бацька кантактаваў зь ёй.

Паліцыя не пацьвярджае свае ранейшыя заявы аб тым, што мужчына быў узброены і страляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільскае войска ў сэктары Газа вызваліла закладніцу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дагестане ўдзельнікі антысэміцкай акцыі захапілі аэрапорт