«Мы падкрэсьліваем, што ў гэтым раёне ідуць баявыя дзеяньні. Мірных жыхароў у гэтым раёне неаднаразова заклікалі эвакуявацца ў паўднёвым напрамку дзеля іх уласнай бясьпекі», — сказана ў паведамленьні Арміі абароны Ізраілю.
Палестынскае агенцтва WAFA паведамляе, што ўвечары 3 лістапада ізраільскія вайскоўцы нанесьлі ўдар у раёне галоўнага ўваходу шпіталя «Аль-Шыфа» ў Газе. Раней ЦАХАЛ паведамляў, што пад гэтай бальніцай знаходзяцца тунэлі і падземныя комплексы баевікоў ХАМАС.
Паводле палестынскага таварыства Чырвонага паўмесяца, у выніку загінулі 15 чалавек, яшчэ 60 пацярпелі.
Журналісты CNN і ВВС праверылі некалькі відэа зь месца ўдару і паспрабавалі ўстанавіць дакладнае месца здымкі. На кадрах бачная сама меней адна пашкоджаная машына хуткай дапамогі і некалькі параненых, якія ляжаць каля бальніцы «Аль-Шыфа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Арміі абароны Ізраілю заявілі, што цалкам акружылі горад ГазаПрэс-сакратар урада Ізраілю Эліён Леві ў інтэрвію праграме «World Tonight» на BBC Radio 4 сказаў, што ХАМАС выкарыстоўваў машыну хуткай дапамогі такім чынам, што «гэта ўяўляла небясьпеку для войскаў», таму яе атакавалі. Ён дадаў, што «зафіксавана мноства выпадкаў, калі ХАМАС выкарыстоўваў машыны хуткай дапамогі для перакідкі тэрарыстаў і зброі».
«Вядома, гэта незаконна па міжнародным праве — усе машыны хуткай дапамогі павінны карыстацца абаронай, і частка гэтай абароны заключаецца ў тым, што яны не павінны выкарыстоўвацца камбатантамі, асабліва тэрарыстамі, для перавозкі тэрарыстаў і зброі. У такім выпадку яны могуць страціць сваю абарону», — сказаў Леві.
Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус напісаў, што «ўзрушаны паведамленьнямі пра атакі на машыны хуткай дапамогі з пацыентамі ля бальніцы ў Газе». «Мы яшчэ раз паўтараем: пацыенты, мэдыцынскія работнікі, установы і машыны хуткай дапамогі павінны быць заўсёды абаронены. Заўсёды», — сказана ў яго пасьце.
Генсакратар ААН Антонію Гютэрыш заявіў, што ён «у жаху» ад паведамленыя пра напад на машыну хуткай дапамогі. Ён зазначыў, што пры гэтым «не забыўся на тэрарыстычныя атакі ХАМАС і забойствы, калецтвы і выкраданьні, у тым ліку жанчын і дзяцей», і паўтарыў заклік вызваліць усіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сэктары Газа.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху выступіў супраць часовага спыненьня агню ў Газе да вызваленьня ўсіх ізраільскіх закладнікаў. Раней дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прапанаваў ізраільскаму боку аб’явіць «гуманітарную паўзу» для наданьня дапамогі цывільнаму насельніцтву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Бясьпекі ААН адхіліла і расейскі, і амэрыканскі праекты рэзалюцый аб сытуацыі ў Ізраілі і ГазеУ Ізраілі 29-ы дзень працягваецца вайна. Яна пачалася раніцай 7 кастрычніка з масіраваных ракетных удараў тэрарыстаў з сэктару Газа, заходу баевікоў руху ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» на тэрыторыю краіны і захопу заложнікаў. У адказ Ізраіль пачаў наносіць масіраваныя авіяўдары па сэктары Газа, а позна ўвечары 27 кастрычніка зайшоў буйнымі сіламі на тэрыторыю паўночнай часткі сектара Газа.
У выніку вайны ў Ізраілі загінулі ўжо каля 1400 чалавек, больш за 230 чалавек знаходзяцца ў закладніках у баевікоў ХАМАС. Паводле падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы, з палестынскага боку загінулі больш за 9 тысяч чалавек.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.