У кнізе Аляксандар Дземідовіч расказвае пра арышт, які «зьмяніў ягоны лёс назаўсёды» і далейшыя «прыгоды» ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, а таксама ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, далейшы суд і ўцёкі ў Літву.
«Гэта гісторыя-дакумэнт, у якой засьведчаны погляд аднаго чалавека, які прайшоў так шмат каму знаёмыя „кругі пекла“ рэпрэсіўнай машыны ў РБ. Паверце, аповед варты ўвагі», — адзначае выдавец Андрэй Янушкевіч.
Аляксандар Дземідовіч адзначае, што гэта «няпростае чытво», і калі ён сам перачытвае кнігу «крыху накрывае» і «ўспаміны канвэртуецца ў падвышаную трывожнасьць». Тым ня менш ён перакананы ў неабходнасьці дакумэнтаваць рэпрэсіі і зьдзекі зь беларусаў у 2020-ым.
«Я глыбока перакананы, што нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, зьдзекі, пабоі, псыхалягічны ціск і іншыя злачынствы, які зазналі многія беларусы пасьля мірных пратэстаў 2020 году, павінны быць задакумэнтаваны», — напісаў аўтар у сваім Фэйсбуку.
Аляксандра Дземідовіча затрымалі ў траўні 2022 году і асудзілі на 2,5 гадоў «хіміі» за грубае парушэньне парадку па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Палітзьняволенага вызвалілі ў зале суда да накіраваньня ў месца адбыцьця пакараньня. Аляксандру Дземідовічу ўдалося выехаць зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвешчаны прыём твораў на прэмію турэмнай літаратуры імя Аляхновіча