Новая пастанова ўраду закранае тых беларусаў, якія выехалі за мяжу больш як на 30 дзён. Дакумэнт уважліва прачыталі журналісты парталу «Зеркало».
У сакавіку 2022 году ў Беларусі ўвялі зьмены ў заканадаўства аб «дармаедах». Яны прадугледжваюць, што «дармаедамі» лічацца тыя, хто выехаў за мяжу больш як на 30 дзён. Нават працаваць ці вучыцца. Але гэта ня тычылася тых, хто выехаў працаваць ці вучыцца ў краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу — у Армэнію, Казахстан, Кіргізстан ці Расею.
Зь сёньняшняга дня ўрад уводзіць зьмену, паводле якой беларусам, якія трапілі ў базу «дармаедаў» з прычыны выезду за мяжу больш як на 30 дзён, могуць пералічваць жыльлёва-камунальныя паслугі (ЖКП) па поўных тарыфах за больш раньні пэрыяд, чым з моманту ўключэньня ў сьпіс «дармаедаў».
Чыноўнікі змогуць зрабіць гэта ў тым выпадку, калі высьветліцца, што чалавека ўключылі ў базу «дармаедаў» са спазьненьнем, гэта значыць, былі падставы зрабіць гэта яшчэ раней. Напрыклад, сярод «дармаедаў» ён апынуўся толькі пасьля двух месяцаў выезду за мяжу, хоць яго павінны былі ўключыць праз 30 дзён. Дзякуючы цяперашнім карэкціроўкам яму змогуць пералічыць ЖКП па поўных тарыфах за ранейшы пэрыяд.
«Дармаедам», у якіх ёсьць ва ўласнасьці жыльлё, будуць выстаўляць па поўных тарыфах плацяжы за газазабесьпячэньне, ацяпленьне і гарачую ваду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў, якія не былі ў краіне больш за 30 дзён, уносяць у сьпіс «дармаедаў» для аплаты 100% «камуналкі»За які пэрыяд змогуць пераглядаць «дармаедзтва»?
У пастанове ўраду гаворыцца аб пераглядзе сфармаваных сьпісаў «дармаедаў» за мінулыя пэрыяды — квартал, месяц. Справа ў тым, што ў Беларусі ёсьць дзьве базы дадзеных «дармаедаў». Адну пераглядаюць раз на квартал, а другую — раз на месяц, яна створаная адмыслова для тых, хто зьехаў за мяжу, у яе ўносяць тых, хто зьехаў з краіны больш як на 30 дзён. Дадзеныя для гэтай базы падае Дзяржаўны памежны камітэт.
«Зеркало» адзначае, што ў пастанове не абмежаваная колькасьць месяцаў і кварталаў, за якія чыноўнікі змогуць задняй датай налічваць тым, хто зьехаў за мяжу, плацяжы за ЖКП па поўных тарыфах.
«У выпадку выяўленьня працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, якія падлягалі ўключэньню ў сьпісы за мінулыя пэрыяды, такія сьпісы пераглядаюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам, якое дзейнічала на дату іх фармаваньня, — гаворыцца ў пастанове ўраду. — Пры гэтым улічваюцца ўсе пэрыяды фармаваньня, пачынаючы зь месяца, зь якога названыя грамадзяне падлягалі ўключэньню ў сьпісы за мінулыя пэрыяды».
- Працаздольныя грамадзяне Беларусі, якія зьехалі за мяжу больш як на месяц і не занятыя ў беларускай эканоміцы, адносяцца да «дармаедаў» з 1 сакавіка 2022 году.
- Згодна з пастановай ураду Беларусі № 166, з сакавіка 2022 году грамадзяне, якія выехалі за межы Беларусі на тэрмін больш як 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаныя аплачваць жыльлёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме.
- Выключэньне — калі чалавек працуе ў краінах ЭАЭС (Расеі, Казахстане, Кіргізстане або Армэніі). Калі рэлякант не зьяўляецца ўласьнікам жыльля, патрабаваньне аплачваць «камуналку» цалкам на яго не распаўсюджваецца.