Урад Беларусі вызначыў, як будуць выбіраць кандыдатаў у атрады апалчэньня і іхных камандзіраў

Вайсковыя вучэньні ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

«У часе адбору прымаюцца да ўвагі стаўленьне кандыдата да палітыкі, якую праводзіць дзяржава, гатоўнасьць да ўдзелу ва ўзброенай абароне краіны, узровень яго вайсковай падрыхтоўкі», — адзначаецца ў пастанове.

Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў парадак фармаваньня атрадаў народнага апалчэньня, што прадугледжана адпаведным законам, які ўхваліў Нацыянальны сход і падпісаў Аляксандар Лукашэнка сёлета ў ліпені.

Як адзначаецца ва ўрадавай пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, сьпісы будуць фармаваць у мясцовых выканкамах, а абласныя будуць іх зацьвярджаць і накіроўваць у Міністэрства абароны Беларусі запыты аб колькасьці неабходнай для апалчэньня зброі.

Адзначаецца, што атрады будуць фармавацца на добраахвотніцкай аснове, кожны зь іх — у колькасьці ад 20 да 100 апалчэнцаў. Ахвотных будуць уключаць пасьля асабістай гутаркі і па ўзгадненьні зь мясцовымі органамі ўнутраных спраў, дзяржбясьпекі і аховы здароўя.

«У часе адбору прымаюцца да ўвагі стаўленьне кандыдата да палітыкі, якую праводзіць дзяржава, гатоўнасьць да ўдзелу ва ўзброенай абароне краіны, узровень яго вайсковай падрыхтоўкі», — адзначаецца ў пастанове.

Пры прызначэньні камандзіраў і іхных намесьнікаў будуць пільна вывучаць зьвесткі аб правапарушэньнях кандыдатаў, а таксама аб учыненых «дзеяньнях, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Пасьля залічэньня ў атрад народнага апалчэньня кожны добраахвотнік атрымае пасьведчаньне, зброю і боепрыпасы да яе. Прадугледжана і працэдура выключэньня апалчэнцаў з такіх фармаваньняў — гэта будзе адбывацца пры выяўленьні «абставінаў, паводле якіх грамадзяне ня могуць быць прынятыя ў народнае апалчэньне». Пры выключэньні забяруць пасьведчаньне, зброю і боепрыпасы.

Парадак фармаваньня атрадаў народнага апалчэньня зацьвердзілі толькі 1 лістапада 2023 году, хоць іх нібыта ўжо стварылі і залучаюць у вайсковыя вучэньні, якія праводзяцца ў Беларусі практычна бесьперапынна пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі аб’явіла аб пачатку яшчэ адных комплексных вучэньняў, гэтым разам з апалчэньнем

Што папярэднічала

15 чэрвеня ў другім чытаньні праект закону «Аб народным апалчэньні» прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 30 чэрвеня яго ўхваліў Савет Рэспублікі, 17 ліпеня — папісаў Аляксандар Лукашэнка.

Тэкст праекту закону апублікавалі ў траўні. У адпаведнасьці зь ім «апалчэнцаў» надзялілі правам прымяняць фізычную сілу і зброю. Асноўная задача апалчэньня заключаецца ў аказаньні садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».

У дакумэнце вызначаныя «парадак кіраваньня народным апалчэньнем, фармаваньня, камплектаваньня і дысьлякацыі атрадаў народнага апалчэньня, выкананьня імі задач», а таксама «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асоб у сфэры дзейнасьці народнага апалчэньня».

Згодна з законапраектам, парадак фармаваньня і расфармаваньня народнага апалчэньня, яго камплектаваньня, вядзеньня ўліку добраахвотнікаў будзе вызначаць урад.

3 чэрвеня 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, групу людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны паведаміла, хто будзе фінансаваць народнае апалчэньне, якое стварае Лукашэнка