Арганізатарамі выступілі праская Нацыянальная бібліятэка і Беларускі інстытут у Празе, пры фінансавай падтрымцы амбасады Літвы ў Чэскай Рэспубліцы.
Адкрыў сымпозіюм дырэктар Славянскай бібліятэкі Лукаш Бабка, які нагадаў, што месяц таму ў сьценах бібліятэкі адбылася прэзэнтацыя выставы, прысьвечанай БНР.
«Сымбалічна, што сымпозіюм адбываецца ў горадзе, які доўгі час быў месцам дзейнасьці Рады БНР, дзе знайшлі вечны спачын прэзыдэнты БНР Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка, іншыя кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі», — напісала ў сваім прывітаньні ўдзельнікам старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Яна канстатавала, што сёньня такая навуковая імпрэза «немагчымая ў Беларусі, дзе марыянэткавы прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі пасьлядоўна вынішчае ўсё, што нагадвае народу пра яго сапраўдную гісторыю», і падзякавала ўдзельнікам сымпозіюму за тое, што яны імкнуцца «дасьледаваць важныя старонкі нацыянальнай мінуўшчыны, вяртаць зь нябыту імёны і факты, даносіць іх ня толькі да навуковай супольнасьці, але і да грамадзтва».
У часе сымпозіюму працавалі тры панэлі, прысьвечаныя палітычнай і дыпляматычнай дзейнасьці ўраду БНР у выгнаньні, знаходжаньні Рады БНР у Чэхаславаччыне і архівам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Так, Дарота Міхалюк з Познані падзялілася дасьледаваньнямі пра абставіны стварэньня ўраду Вацлава Ластоўскага, Томаш Блашчак з Коўна спыніўся на беларуска-літоўскіх адносінах пасьля 1923 году, а Ігар Барынаў з Масквы расказаў пра знаходкі ў расейскіх архівах, якія датычацца дзейнасьці місіі БНР у Бэрліне.
Пра драматычны эпізод зь дзейнасьці дыпляматычнага прадстаўніцтва БНР на Бальканах расказаў Юры Грыбоўскі з Варшавы.
У 1921 годзе на даручэньне генэральнага консула БНР у Канстантынопалі Івана Ярмачэнкі капітан Барбоцька накіраваўся ў адзін зь лягераў, дзе жылі вайскоўцы арміі Ўрангеля, якія ўцяклі ад бальшавікоў. Сярод іх былі і беларусы. Барбоцька вёз інфармацыйныя матэрыялы з мэтай далучыць землякоў да беларускай справы, але бясьсьледна зьнік. Як удалося высьветліць, ён быў расстраляны па асабістым загадзе генэрала ўрангелеўскай арміі Куцепава — нібыта за спробу агітацыі за «сэпаратызм».
Алена Глагоўска ня толькі расказала пра дзейнасьць Васіля Захаркі, але і прывезла з Польшчы падараваныя ёй пляменьніцай прэзыдэнта БНР рушнікі, якія належалі ягонай жонцы Пелагеі і былі ў іх праскай кватэры.
Пра тое, што ўжо ў 1837 годзе ў чэскіх кнігах сустракаецца слова Belorus, і як трансфармаваўся назоў краіны ў чэскай мове цягам ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, распавёў Павал Котаў.
Тэме архіваў БНР былі прысьвечаныя выступы Натальлі Гардзіенкі, Сяргея Кнырэвіча і Анатоля Вялікага.
«Гэты сымпозіюм мае вялікую актуальнасьць у сьвятле сучасных выклікаў, якія стаяць перад беларускім грамадзтвам, бо ўсе тры панэлі дакладна акрэсьліваюць асноўныя кірункі эмігранцкай дзейнасьці ў міжваенны пэрыяд, — перакананая старшыня Беларускага інстытуту ў Празе Ніна Скеп’ян. — Яны паказваюць нам, што ў кожнага народу, і беларусы не выключэньне, ёсьць імкненьне да захаваньня сваёй культурнай адметнасьці.
У момант утварэньня новых дзяржаў пасьля развалу вялікіх імпэрый беларусы атрымалі шанец заявіць пра сябе сьвету. І беларусы ім скарысталіся напоўніцу — акрамя акадэмічных асяродкаў, удалося стварыць сапраўдныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы», — адзначыла яна.