Пра гэта паведамляе DW.
Адказваючы на пытаньне аб патэнцыйным спыненьні агню, Хагары сказаў, што перамір’е ў дадзены момант не абмяркоўваецца.
«Паняцьце „спыненьне агню“ зараз не абмяркоўваецца. Армія абароны Ізраіля вядзе вайну, каб зьнішчыць ХАМАС», — адзначыў прадстаўнік ЦАХАЛ.
Раней начальнік Генштабу ЦАХАЛ генэрал-лейтэнант Герцы Халеві абвясьціў, што ізраільскія вайскоўцы ўжо дзейнічаюць у горадзе Газа і атачаюць яго з розных напрамкаў.
У горадзе Газа разьмешчаны штаб ХАМАС. Інфраструктура групоўкі разьмешчаная ў разгалінаванай сыстэме падземных тунэляў. Паводле відавочцаў, баевікі ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» увесь час выходзяць з тунэляў, каб абстраляць ізраільскія войскі, а потым зноў хаваюцца пад зямлёй. На думку экспэртаў, партызанская тактыка — адзінае, што ХАМАС можа супрацьпаставіць значна больш моцнай ізраільскай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільскае войска ў сэктары Газа вызваліла закладніцуРаней міністар абароны Ізраілю Іааў Галант заявіў, што ў вайскоўцаў ёсьць «унікальныя рашэньні», якія дазваляюць дабрацца да ўсіх тунэляў ХАМАС пад сэктарам Газ і дэмантаваць іх пад зямлёй.
«У тэрарыстаў будзе два варыянты: альбо памерці ў тунэлі, альбо выйсьці вонкі. Трэцяга варыянта не існуе, гэта адзіныя варыянты, і менавіта так мы дзейнічаем», — сказаў Галант.
Наземная апэрацыя ЦАХАЛ усё больш канцэнтруецца ў паўночнай частцы сэктару Газа, дзе пражывае 2.3 мільёны палестынцаў. Ізраіль заклікаў цывільнае насельніцтва пакінуць гэты раён. Прадстаўнік ЦАХАЛ 2 лістапада паведаміў, што ізраільскія войскі нанесьлі ўдары ўжо па больш чым 12 тысячам цэляў у сэктары Газа, уключаючы склады боепрыпасаў, дамы лідэраў ХАМАС і ракетныя арсэналы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган назваў Ізраіль «акупантам» на мітынгу ў падтрымку Газы. Ізраіль адклікае дыпляматаў з ТурэччыныІзраільскае войска падкрэсьлівае, што абстрэльвае выключна мэты ХАМАС. У той жа час вялікая колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ў густанаселеных раёнах і катастрафічнае становішча цывільных жыхароў у сэктары Газа выклікаюць усё больш рэзкую крытыку ў сусьветнай супольнасьці.
Асабліва моцны рэзананс выклікаў абстрэл ізраільцянамі лягеру для ўцекачоў Джэбалія, у выніку якога, паводле паведамленьняў, загінулі сотні людзей. Напярэдадні Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека заявіла, што абстрэл Джэбаліі можна прыраўняць да ваеннага злачынства.
Тым часам палестынскія экстрэмісты 2 лістапада ізноў выпусьцілі ракеты па паўднёвым Ізраілі. У прыморскім горадзе Беэр-Шэва, а таксама ў адным з кібуцаў была абвешчаная паветраная трывога. Трывогу неаднаразова абʼяўлялі і ў паўночнай частцы Ізраілю. Пра ахвяры не паведамляецца.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.