Фонд салідарнасьці BySol раніцай 2 лістапада абвясьціў дабрачынны збор у 9 тысяч эўра на дапамогу сем’ям асуджаных удзельнікаў гурту Tor Band.
На 17.30 вечара 2 лістапада сума сабраных грошай ужо перавысіла 9 тысяч эўра. Пакуль збор не закрыты, ахвотныя могуць яшчэ падтрымаць сем'і музыкаў.
Сабраныя сродкі пойдуць у тым ліку на пагашэньне штрафаў і на перадачы музыкам у калёнію.
Фонд BySol заклікае пры грашовых пераводах не карыстацца беларускімі і расейскімі карткамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 9 гадоў калёніі. У Гомлі агучылі прысуд музыкам Tor Band- Удзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band правялі за кратамі да суду больш за год. Іх затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Сёлета 14 кастрычніка ў Гомлі ў закрытым рэжыме над музыкамі пачаўся суд.
- 31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак. Дзьмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.
- Прысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.
- Абвінаваўцамі былі прадстаўнікі пракуратуры Ларыса Кучынская і Іван Мончанка.