BySol абвясьціў дабрачынны збор на дапамогу сем’ям асуджаных музыкаў Tor Band

Музыкі гурту Tor Band на лаве падсудных у гомельскім судзе. 31 кастрычніка 2023 году

31 кастрычніка музыкам з Tor Band прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зьняволеньня.

Фонд салідарнасьці BySol абвясьціў дабрачынны збор на дапамогу сем’ям асуджаных удзелькаў гурта Tor Band. Сабраныя сродкі пойдуць у тым ліку на пагашэньне штрафаў і на перадачы музыкам у калёнію.

«Менавіта трэкі гурта TOR BAND «Жыве Беларусь», «Ідзі», «Мы не народзец» ды іншыя сталі сапраўднымі гімнамі для беларусаў у 2020 годзе, і нягледзячы на моцныя тэксты іх песень, музыкі працягвалі заставацца ў краіне.

У кастрычніку 2022 года іх затрымалі, за час знаходжаньня ў СІЗА Яўген Бурло атрымаў 3-ю групу інваліднасьці, яму патрэбная апэрацыя. Сёньня ўсім музыкам TOR BAND і іх сем'ям патрэбна дапамога», — гаворыцца ў публікацыі BySol.

Фонд заклікае пры грашовых пераводах не карыстацца беларускімі і расейскімі карткамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перш чым адправіць людзей за краты, ён любіў пазьдзекавацца зь іх». Што вядома пра судзьдзю, які вынес прысуд гурту Tor Band

Больш як год за кратамі да суду правялі ўдзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band. Іх затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Сёлета 14 кастрычніка ў Гомлі ў закрытым рэжыме над музыкамі пачаўся суд.

31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак. Дзьмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.

Прысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.

Абвінаваўцамі былі прадстаўнікі пракуратуры Ларыса Кучынская і Іван Мончанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 9 гадоў калёніі. У Гомлі агучылі прысуд музыкам Tor Band