У сацсетках многія беларусы абурыліся твітамі Адагамава. Расейца, які раней падтрымліваў пратэсты супраць дыктатуры ў Беларусі, абвінавацілі ў імпэрскасьці і шавінізьме. Ранкам Адагамаў выбачыўся за свае словы і дадаў, што беларусы пішуць яму з пагрозамі фізычнай расправы.
Пра тое, як рэагаваць на абразы беларускай мовы, ці рэагаваць увогуле і як дыскутаваць на вельмі далікатныя тэмы нацыянальнай ідэнтычнасьці, Дзьмітры Гурневіч размаўляе зь перакладчыкам, журналістам, выдаўцом кніг па-беларуску Сяргеем Шупам.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«Калі б гэта казаў нехта невядомы на вуліцы, чалавек без адукацыі, які ня ведае пра іншыя мовы і пра адрозьненьні паміж славянскімі мовамі, гэта больш-менш прабачальна. Але тут мы маем справу не з абы-кім, а зь вельмі вядомым інфлюэнсэрам. Хтосьці можа абразіцца, кагосьці гэта можа насьмяшыць, наколькі расеец можа быць далёкі ад разуменьня, што ёсьць іншыя народы са сваімі мовамі. Мне было сьмешна, але трошкі і непрыемна. Бо хтосьці, хто яго чытае, сярод каго ён папулярны, можа да ягонай думкі прыслухацца і сапраўды прыглядацца да беларускіх тэкстаў і шукаць нешта сьмешнае, успрымаць як „скаверканую“ расейскую мову. Калі нехта адчувае, што чалавек недастаткова адукаваны, то варта яму некаторыя рэчы растлумачыць», — кажа Шупа.
Ён перакананы, што зусім ігнараваць такія выпады на адрас беларускай мовы ня варта. Але ў камунікацыі, як кажа Шупа, варта трымацца маральна-этычнай мяжы і не пераходзіць на абразы.
«Адагамаў даў глебу да самых разнастайных абразаў, пачынаючы ад імя і прозьвішча. Гэтага рабіць ня варта, бо вынік можа быць зусім ня той, якога б нам хацелася. Мы мусім быць прыязнымі і па-сяброўску тлумачыць, каб чалавек зрабіў крок насустрач нам і наступны раз так не рэагаваў, а паспрабаваў гэта пабачыць і пачуць іншым, нерасейскім вухам», — лічыць Сяргей Шупа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сабой уяўляе і з каго складаецца сетка расейскага ўплыву ў Беларусі? Тлумачыць экспэрт iSANS Аўсеюшкін