У Генштабе Беларусі патлумачылі, калі позвы праз СМС будуць абавязковымі і заменяць традыцыйныя

Начальнік генштабу Беларусі Віктар Гулевіч

Позва праз СМС будзе абавязковай толькі ў ваенны час. СМС-паведамленьні, якія прыходзяць прызыўнікам у мірны час, будуць зьяўляцца дадатковым спосабам апавяшчэньня аб неабходнасьці зьявіцца ў вайсковы камісарыят і не заменяць позвы.

Так начальнік генштабу Беларусі Віктар Гулевіч пракамэнтаваў дэпутатам прапанаваныя зьмены ў законы аб нацыянальнай бясьпецы.

«Атрыманьне СМС-паведамленьняў у мірны час ня будзе зьяўляцца належным апавяшчэньнем ваеннаабавязаных, у адрозьненьне ад позваў», — сказаў Гулевіч.

«Належным апавяшчэньнем па аналёгіі з позвай» СМС-паведамленьне будзе зьяўляцца толькі ў пэрыяд мабілізацыі ў ваенны час, адзначыў начальнік Генштабу. У такіх паведамленьнях будуць указаныя адпраўнік, час і адрас, куды неабходна зьявіцца ваеннаабавязанаму. Іх будуць дасылаць на нумар, названы грамадзянінам падчас збору ўліковых зьвестак, таму ў новым законе прапісаны абавязак ваеннаабавязаных на працягу тыдня апавяшчаць органы воінскага ўліку пра зьмену нумара мабільнага тэлефона. За невыкананьне гэтага прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць.

Нейкі асобны орган або службовую асобу, якая кантралюе атрыманьне ваеннаабавязанымі SMS-паведамленьняў, ствараць не плянуюць. У выпадку ўзьнікненьня пытаньняў, зьвязаных з адказнасьцю ваеннаабавязаных, вайсковы камісар будзе накіроўваць мабільнаму апэратару адпаведны запыт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава спрашчае сабе жыцьцё». У Беларусі хочуць зьмяніць правілы прызыву: большыя штрафы, позвы праз СМС

1 лістапада дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў па пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі».

Папраўкамі, сярод іншага, прадугледжанае ўвядзеньне позваў праз СМС, істотнае павелічэньне штрафаў за няяўку ў ваенкамат і і крымінальнай адказнасьці, калі чалавек не зьявіўся на прызыў, надзяленьне вайсковых камісараў правам часова абмяжоўваць выезд за межы Беларусі грамадзян, якія парушаюць абавязкі па воінскім уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коля Лукашэнка і Галоўчанка ня пойдуць ваяваць». Меркаваньні экспэртаў пра новы вайсковы закон