Распрацаваны Міністэрствам па падатках і зборах праект закону «Аб зьмяненьні Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь» прыняла 1 лістапада ў першым чытаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Законапраект на паседжаньні прадставілі міністар фінансаў Юры Селіверстаў і член пастаяннай парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах Сьвятлана Барташ, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Дакумэнт прадугледжвае для шэрагу падаткаплатнікаў павелічэньне адлічэньняў у бюджэт, калі іх даход перавысіць устаноўленую суму. У заяве Палаты прадстаўнікоў гэта вызначана як «сыстэмныя меры па ўдасканаленьні падатковага заканадаўства і дасягненьні аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, не дапушчаючы зьніжэньня аб’ёму бюджэтных даходаў».
Сярод іншага прапануецца:
- індэксаваць стаўкі падаткаў з улікам інфляцыі;
- адмяніць выплату падатку на даданую вартасьць для індывідуальных прадпрымальнікаў па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг);
- павялічыць стаўкі падатку на прыбытак для высокарэнтабэльных арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці з 20% да 25% пры атрыманьні прыбытку звыш 25 млн рублёў у год;
- устанавіць стаўкі падаходнага падатку ў памеры 25% у дачыненьні да даходаў фізычных асоб звыш 200 тыс. рублёў у год;
- павысіць падаходны падатак да 30% для індывідуальных прадпрымальнікаў, сукупны даход якіх перавысіў 500 тыс. рублёў;
- дазволіць падатковы вылік выпускнікам устаноў адукацыі, якія накіроўваюцца на працу па разьмеркаваньні (у памеры мінімальнай заработнай платы на тэрмін да 7 гадоў);
- павялічыць у 2–3 разы разьліковую цану квадратнага мэтра пры налічэньні падатку на нерухомасьць у дачыненьні да камэрцыйных плошчаў фізычных асоб звыш 200 квадратных мэтраў;
- павялічыць у 10 разоў стаўкі транспартнага падатку па транспартных сродках падвышанай камфортнасьці, не старэйшых за тры гады з моманту выпуску.
Адзначана, што законапраект прадугледжвае ўвядзеньне паняцьця «адзіны маёмасны плацёж», які «ўяўляе сабой агульную суму падатку на нерухомасьць, зямельнага падатку і транспартнага падатку і будзе выплачвацца фізычнай асобай на адзін рахунак рэспубліканскага бюджэту».
Таксама ў дакумэнце прадугледжана забарона на дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў з прыбыткам звыш 500 тыс. рублёў. У гэтым выпадку «з наступнага каляндарнага году такі грамадзянін мае права працягнуць ажыцьцяўленьне дзейнасьці толькі ў статусе камэрцыйнай арганізацыі».
Чакаецца, што прапанаваныя зьмены ў Падатковы кодэкс усталююць «падатковую нагрузку ў 2024 годзе на ўзроўні 23,4% да ВУП».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як у пекле». Чаму Беларусь узначаліла антырэйтынг сыстэмаў падаткаабкладаньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павысіць падаткі для ІП і фізычных асобаў, на першую кватэру і аўтамабілі: якія зьмены рыхтуюць у Падатковы кодэкс Беларусі