Пасьля кожнай зьмены ўлады ў Польшчы Лукашэнку паступалі прапановы з Варшавы, — польскі аналітык Патоцкі

Міхал Патоцкі

Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі разважае, на што разьлічвае Лукашэнка, хвалячы палякаў за мінулыя выбары, аналізуе, ці можа зьмяніцца палітыка Варшавы пры новым урадзе, і ўзгадвае, як Захад працягваў руку Менску і чым гэта скончылася.

Сьцісла:

  • Лукашэнка памятае, што пасьля кожнай зьмены ўлады ў Польшчы яму з боку Варшавы паступалі пэўныя прапановы.
  • Рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі зрабілі любыя спробы дамовіцца з Лукашэнкам немагчымымі ў прынцыпе.
  • Мяч даўно на баку менскага рэжыму. Калі ён нешта зробіць — тады Варшава будзе глядзець на новыя магчымасьці.
  • Пакуль ня будзе гэтага беларускага чыньніка (пэўнай адлігі) — то ня будзе і ніякіх польскіх крокаў.


— Аляксандар Лукашэнка 27 кастрычніка даволі своеасабліва выказаўся пра вынікі польскіх парлямэнцкіх выбараў: «Ну, палякі, я вось хвалю народ Польшчы. Малайцы. Уцерлі ім (цяперашняй уладзе. — РС) нос. І апазыцыю да ўлады фактычна прывялі». Ці былі гэтыя выказваньні заўважаныя ў польскай прэсе? Ці ёсьць падставы меркаваць, што Лукашэнка спадзяецца, што з кааліцыяй, якая сфармуе новы ўрад, у яго можа атрымацца наладзіць стасункі лепш, чым з уладай «Права і справядлівасьці» (ПІС)?

— Лукашэнка, відаць, памятае, што пасьля кожнай зьмены ўлады ў Польшчы да яго з боку Варшавы паступалі пэўныя прапановы наконт «перазагрузкі» адносінаў. Гэта было і тады, калі да ўлады прыйшла Грамадзянская плятформа, у 2007 годзе, і калі прыйшоў ПІС у 2015-м.

Акрамя таго, для Лукашэнкі цяпер ПІС асацыюецца з санкцыямі, якія былі ўведзеныя пасьля 2020 году, з падтрымкай Украіны, з падтрымкай Ціханоўскай, беларускай апазыцыі. Можа, таму Лукашэнка лічыць, што новая польская ўлада будзе для яго лепшая.

Але так ня будзе. Бо гэта ўжо ня тая сытуацыя, калі ў Варшавы былі нейкія магчымасьці і жаданьне дзейнічаць па-іншаму. Клімат зусім іншы. Тое, што адбылося ў Беларусі пасьля 2020 году, рэпрэсіі, роля, якую Лукашэнка выканаў у расейскай агрэсіі супраць Украіны.... Усё гэта зрабіла любыя спробы дамовіцца з Лукашэнкам немагчымымі ў прынцыпе. Тут ёсьць згода ўсёй польскай палітычнай клясы — незалежна ад таго, хто пры ўладзе.

Што можа новы ўрад зрабіць для Лукашэнкі, нават калі б раптам захацеў? Санкцыі адмяніць? Дык гэта ж агульнаэўрапейскія санкцыі. Ціханоўскую перастаць падтрымліваць? Гэтага ня будзе. Беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, перастаць падтрымліваць? Не, тут ня будзе такіх зьменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пахваліў палякаў за тое, што прагаласавалі за апазыцыю

— Але калі гаварыць не пра такія стратэгічныя рэчы, а пра нейкія кропкавыя, тактычныя моманты?.. Напрыклад, новы ўрад можа дабіцца вызваленьня Анджэя Пачобута — гэта стане безумоўным плюсам для польскай грамадзкай думкі.

— Але гэта залежыць выключна ад Беларусі. ПІС ужо прапаноўваў Лукашэнку, што калі вы вызваліце Пачобута, мы сустрэнемся афіцыйна з вашым міністрам замежных справаў, якім тады быў Уладзімер Макей. Так што мяч даўно на баку менскага рэжыму. Калі яны нешта зробяць — тады будзем глядзець на новыя магчымасьці.

Пакуль Лукашэнка не адказаў ні на якія прапановы, хоць і пачаў гаварыць пра тое, як ён любіць Эўразьвяз і як ён ня хоча, каб Эўразьвяз разваліўся. Аднак гэта толькі словы. Лукашэнка нічога не зрабіў, каб даказаць, што ён ужо ня той чалавек, які ў лютым 2022 году быў суагрэсарам супраць Украіны.

— Вы заўважылі ўжо, што Лукашэнка, бадай, упершыню за апошнія тры гады сказаў нейкія станоўчыя рэчы пра Эўразьвяз. Ці можна лічыць гэта нейкім адметным крокам, нейкім запрашэньнем? На што ён разьлічвае і хто гэта можа пачуць?

— Я думаю, што ўвогуле няма вялікага сэнсу зьвяртаць увагу на тое, што гаворыць Лукашэнка. Ён кажа даволі супярэчлівыя рэчы, вельмі любіць казаць тое, што хочуць пачуць ад яго тыя, хто ў дадзены момант вядзе зь ім размову.

Калі ж за гэтымі словамі пойдуць нейкія дзеяньні, то можна будзе мець на ўвазе, што Беларусь робіць нешта аўтаномна і самастойна ў сваіх стасунках з Захадам. Але пакуль нічога не зьмянілася. Падтрымка агрэсіі Расеі працягваецца, рэпрэсіі працягваюцца.

Лукашэнка можа колькі заўгодна казаць, што любіць Эўразьвяз і хацеў бы весьці дыялёг з палякамі, — але гэта нічога не мяняе ў палітыцы рэпрэсіяў і падтрымкі агрэсіі, якая робіць яго ўсё больш залежным ад Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БТ хацелі пакрытыкаваць Польшчу, а ў выніку паставілі пад сумнеў усе выбары ў незалежнай Беларусі

— Тым ня менш за гэтыя гады польская палітыка, дый у цэлым заходняя, у залежнасьці ад сытуацыі хісталася паміж двума рознымі падыходамі да менскага рэжыму. Першы — дыялёг і «ўцягваньне», другі — радыкальнае непрыманьне гэтага рэжыму і дапамога апазыцыі ў тым, каб паспрабаваць яго зрынуць. Які з гэтых падыходаў пануе цяпер?

— Трэба прызнаць, што на сёньня ў Захаду няма магчымасьці зрынуць беларускі рэжым. Па-другое, трэба адзначыць, што Захад і не спрабаваў зрынуць Лукашэнку. Яго вельмі доўга прызнавалі, яму прапаноўвалі самыя розныя «пернікі», ён меў усе магчымасьці ладзіць найлепшыя адносіны з Захадам, асабліва пасьля 2014 году, калі праявіў самастойнасьць пасьля анэксіі Крыму.

Гэта беларускія грамадзяне на выбарах спрабавалі адабраць у яго ўладу, а ня нейкія заходнія сілы.

З боку Варшавы былі розныя прапановы, але яны былі магчымыя толькі ў той сытуацыі, калі прысутнічалі два чыньнікі. З аднаго боку — жаданьне Польшчы, з другога боку — пэўная адліга ў Беларусі. Такая адліга была ў 2010 годзе, калі ў Менск прыяжджалі міністры замежных справаў Польшчы і Нямеччыны і прапаноўвалі Беларусі фінансавую падтрымку, калі выбары пройдуць хоць трошкі падобна да нармальных.

Тое самае было і ў 2015 годзе, ужо пры ПІС, калі Польшча фактычна, можна сказаць, прызнала беларускую Палату прадстаўнікоў, пачала зь імі адносіны, і ў Менск прыяжджаў тагачасны віцэ-прэм’ер Маравецкі. Тады таксама ў Беларусі была пэўная адліга.

Пакуль ня будзе гэтага беларускага чыньніка, пэўнай адлігі — то ня будзе і ніякіх польскіх крокаў. Пакуль ня спыняцца шалёныя палітычныя рэпрэсіі, падтрымка агрэсіі Расеі, пакуль Менск ня спыніць гульні зь мігрантамі (гэта ж таксама ня скончылася), — нічога ня будзе.

Першы крок павінен зрабіць менскі рэжым. І наконт гэтага ёсьць шырокі кансэнсус сярод усіх польскіх палітыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У польскім урадзе заявілі пра ўзмацненьне антыпольскай прапаганды ў дзяржаўных СМІ Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым заява Лукашэнкі насьмяшыла экс-камандуючага войскамі ЗША ў Эўропе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​І палякам, і ўкраінцам варта спыніць узаемную недружалюбную рыторыку, — польскі журналіст Міхал Патоцкі