Расейцы патлумачылі, чаму пабудавалі БелАЭС з затрымкай. Лукашэнка хоча ад іх кампэнсацыі

БелАЭС

Расейская карпарацыя «Росатом» патлумачыла зрух тэрмінаў будаўніцтва БелАЭС пандэміяй і зьнешнепалітычнай сытуацыяй і заявіла, што зь беларускім бокам нявырашаных пытаньняў няма.

«Асноўныя этапы пабудовы Беларускай АЭС выпалі на няпросты пэрыяд пандэміі і ўзмацненьня зьнешнепалітычнага становішча з узрослымі санкцыйнымі рызыкамі. Сам праект рэалізоўваўся ў краіне, якая ўпершыню стала на шлях вялікай атамнай энэргетыкі. У нас ніколі не стаяла задача паскорыць працэс пабудовы на шкоду патрабаваньням бясьпекі», — цытуе Reformation заяву «Росатома» са спасылкай на РІА «Новости».

«Росатом» заявіў, што ўзаемадзейнічае зь беларускім бокам і вырашае пытаньні, зьвязаныя з другім энэргаблёкам. У кампаніі падкрэсьлілі, што зараз усе пытаньні вырашаныя.

«Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем зь беларускімі партнэрамі і сумесна вырашаем пытаньні, якія ўзьнікаюць падчас рэалізацыі праекту, уключаючы тэрміны здачы другога энэргаблёку. Апошні раз гадзіньнікі па праекце мы зьвяралі зусім нядаўна — 16 кастрычніка адбылася сустрэча генэральнага дырэктара „Росатома“ Аляксея Яўгенавіча Ліхачова з прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Раманам Аляксандравічам Галоўчанкам. На дадзены момант нявырашаных пытаньняў няма», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

Расейская карпарацыя адмовілася камэнтаваць камэрцыйны складнік праекту «з улікам існуючых даверных адносінаў з нашым беларускім заказчыкам».

  • Беларусь паставіла перад расейскім бокам пытаньне аб кампэнсацыях у сувязі зь пераносам тэрмінаў уводу ў эксплюатацыю БелАЭС. Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гэта, прымаючы даклад аб завяршэньні будаўніцтва БелАЭС і павышэньні даступнасьці электраэнэргіі для ацяпленьня жылых дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў у Расеі кампэнсацыі за адкладаньне запуску Астравецкай АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС»