У Гомель упершыню пасьля гібелі Прыгожына прыбыў самалёт, зьвязаны з ПВК «Вагнэр», — Flightradar24_Air_Force

Інструктары ПВК «Вагнэр» навучалі беларускіх вайскоўцаў спэцыяльных падразьдзелаў. Ілюстрацыйнае фота

29 кастрычніка тэлеграм-канал ПВК «Вагнэр» паведаміў аб пераходзе фармаваньня пад кіраваньне Расгвардыі.

Авіяцыйная супольнасьць Flightradar24_Air_Force, якая адсочвае актыўнасьць вайсковай авіяцыі ля межаў Расеі, Украіны і Беларусі, паведаміла аб прылёце ў Беларусь самалёта, зьвязанага з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр».

«Упершыню, праз два месяцы з моманту катастрофы, з Санкт-Пецярбургу ў Гомель прыляцеў адзін з самалётаў, зьвязаных з ПВК „Вагнэр“ — Beech C90GTi King Air», — адзначаецца ў паведамленьні супольнасьці.

29 кастрычніка тэлеграм-канал ПВК «Вагнэр» паведаміў, аб пераходзе фармаваньня пад пад кіраваньне Расгвардыі. ПВК афіцыйна стала падразьдзелам у складзе Расгвардыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: у целах загінулых у авіякатастрофе самалёта Прыгожына знайшлі сьляды ручных гранатаў

23 жніўня ў Цьвярской вобласьці ўпаў прыватны самалёт, якім карыстаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Усе дзесяць чалавек, якія былі на борце загінулі.

Сярод пасажыраў былі сам Яўгеній Прыгожын, камандзір ПВК Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр»), а таксама іншыя камандзіры і найміты ПВК «Вагнэр».

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.