Дыпляматы краін Эўрапейскага зьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі з нагоды Дзядоў, Дня памяці продкаў, наведалі Курапаты, каб ушанаваць «памяць пра незьлічоныя жыцьці і таленты, зьнішчаныя пошасьцю таталітарызму».
Як паведамляецца на старонцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі ў Facebook, «народны мэмарыял Курапаты — сьведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецьце дбалі пра абарону годнасьці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці».
«Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», — адзначаецца ў паведамленьні.
Беларуская прапагандыстка Людміла Гладкая прыехала ў Курапаты якраз у час знаходжаньня там эўрапейскіх дыпляматаў, каб запытаць, што яны «будуць пісаць у сваіх справаздачах». Яна абнародавала відэазапісы ў сваім тэлеграм-канале. Дыпляматаў яна назвала «эўракарусельшчыкамі», якія нібыта прыехалі ў Курапаты, толькі каб сфатаграфавацца для справаздач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноч паэтаў». Як расстралялі дзеячоў беларускай культуры, кім яны былі і як іх ушаноўваюцьДыпляматы эўрапейскіх краін штогод на Дзяды наведваюць урочышча Курапаты, якія сталі сымбалем маштабаў камуністычных рэпрэсій у Беларусі.
Паводле розных падлікаў, у лясным масіве пад Менскам з 1937-га па 1941 год карнікі НКВД расстралялі ад 30 да 250 тысяч чалавек. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні.
Мяркуецца, менавіта тут знайшлі свой вечны спачын і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.
Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м Аляксандра Лукашэнкі праз Курапаты збудавалі частку аўтадарогі, у другой частцы ўрочышча нярэдка адбываліся правакацыі — невядомыя, якіх міліцыя ніколі не магла знайсьці і прад’явіць грамадзкасьці, апаганьвалі крыжы, разьбівалі «лаву Клінтана», малявалі свастыкі і прарасейскія лёзунгі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах ізноў апаганілі крыжы