Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Сівак расказаў, што пры падрыхтоўцы канцэпцыі будаўніцтва жыльля на наступную пяцігодку «трэба больш заходзіць у існую інфраструктуру».
«У нас сёньня застаюцца дамы, якія трэба капітальна рамантаваць. Яны ў памежным стане. Можна пяціпавярховік-хрушчоўку зьнесьці, пакінуўшы падмурак, і на яго паставіць», — прапанаваў ён.
Лукашэнка ўпадабаў прапанову Сівака.
«Уносьце прапановы. Лічыце, што гэта прынята. Гэта якраз гаспадарскі падыход», — адказаў Лукашэнка.
У Беларусі, паводле зьвестак на 2019 год, было 2568 «хрушчовак». Зь іх панэльныя — 1864 дамы, цагляныя — 704.
У краіне налічваецца 25 мільёнаў квадратных мэтраў такога жыльля. На яго знос, паводле экспэртаў, спатрэбіцца больш за 7 мільярдаў даляраў, піша «Зеркало».
Яшчэ 14 мільярдаў даляраў спатрэбяцца, каб пабудаваць на яго месцы новае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьнясуць старую забудову ў раёне менскага велазаводу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павысіць падаткі для ІП і фізычных асобаў, на першую кватэру і аўтамабілі: якія зьмены рыхтуюць у Падатковы кодэкс Беларусі